29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сацыяльная» дзяржава: пасля гібелі бацькоў дзяцей выкінулі на вуліцу

64
«Сацыяльная» дзяржава: пасля гібелі бацькоў дзяцей выкінулі на вуліцу

Менчанка Вера Мялешка, у якой на руках двухгадовая дачка і пад апекай непаўнагадовы брат, атрымала з суда рашэнне аб высяленні яе з кватэры.

Бухгалтар Вера Мялешка ў роспачы. У панядзелак маладая маці атрымала з Маскоўскага суда рашэнне аб высяленні яе з кватэры. Між тым, уласнага жылля ў маладой жанчыны няма, а на руках - двухгадовая дачка і 17-гадовы брат, які знаходзіцца пад яе апекай. 7 гадоў таму бацькі Веры Мялешка загінулі ў аўтакатастрофе, і з тых часоў брат пад апекай Веры. Кватэра на вуліцы Рафіева ў менскім мікрараёне Малінаўка - сацыяльная. Гэта значыць, што яна не належыць Веры Мялешка і яе брату. Прыватызаваць кватэру загінулых бацькоў Веры не дазволілі, а пачаць будаваць новую пакуль не ўдавалася, бо жанчына была ў дэкрэце, а потым у адпачынку па доглядзе за дзіцем, перадае «Радыё Свабода».

«У 2006 годзе са мной заключылі дамову, што на працягу трох гадоў я павінна пабудаваць жыллё. Але на момант заканчэння гэтага пагаднення я пайшла ў дэкрэт і звольнілася з працы. У час, калі дзейнічала пагадненне, мяне не накіроўвалі на будаўніцтва жылля, казалі, што няма жылля і што ваша чарга не падышла. І падчас дэкрэта я да іх хадзіла, каб накіравалі на будаўніцтва, але адмовілі. Я прасіла і пісьмова звярталася, каб працягнулі дамову, каб не апынуцца ў сітуацыі высялення - але таксама адмовілі.

Увесну мне прапаноўвалі кватэру для будаўніцтва, але я патлумачыла, што яшчэ ў дэкрэце, не працую, і банк такім крэдыта не дасць. Пагадзіліся, сказалі, што пакуль не трэба, прыходзьце пазней, калі вырашыце з працай. У жніўні я зноў прыйшла ў выканкам, сказала, што аддала дачку ў садок, выходжу на працу і гатовая пачаць будавацца. На гэта мне сказалі: «Выдатна, выходзьце на працу, будзем вас чакаць». А на наступны дзень я атрымала дакумент, што мяне выклікаюць у суд. І на сёння мяне высяляюць з непаўналетнім сіратой і двухгадовай дачкой. У нікуды. Адміністрацыя змагла толькі прапанаваць накіраваць майго брата ў інтэрнат пры каледжы, дзе ён вучыцца, а дзіцяці - у прытулак. А мяне - на вуліцу. Больш іх нічога не цікавіць», - кажа Вера Мялешка.

Судовае рашэнне аб высяленні Веры Мялешка, яе дачкі і непаўналетняга брата прыняў суддзя Маскоўскага раённага суду Юрый Шастакоў. Дарэчы, гэты суддзя знаходзіцца ў спісе неўязных у краіны Еўразвяза. Наколькі сумленна ён выканаў сваю працу, калі разглядаў яе справу, Вера Мялешка судзіць не бярэцца. Жанчына згадвае, што суддзя патрабаваў дакументальных доказаў таго, што яна шмат разоў звярталася ў райвыканкам з прапановай пачаць будаўніцтва, але ёй адмаўлялі. «Але якія доказы? Мне казалі, што ніхто нас высяляць не збіраецца, і я гэтаму верыла. А цяпер бачу, што мяне свядома падманвалі», - кажа Вера Мялешка. Яна мяркуе, што чыноўнікі Маскоўскага райвыканкама скарысталіся чарговы кампаніяй па «чыстцы чэргаў» на жыллё:

«Усе мае сябры, як і я, лічаць, што проста гэтая кватэра камусьці спатрэбілася. Кватэра нядрэнная, трохпакаёвая. Побач метро, непадалёк раённая адміністрацыя. Камусьці яна відавочна спадабалася».

Журналісты звярнуліся да супрацоўніцы аддзела жыллёвай палітыкі Маскоўскага райвыканкама Ларысе Цітовай, з якой кантактавала Вера Мялешка па справе кватэры. Ларыса Цітова сказала, што ёсць нормы закона, якія даюць падставы ініцыяваць высяленне, а далей вырашае суд:

- Гэта ўжо кампетэнцыя суда. Наколькі я ведаю, справа знаходзіцца ў судзе, які будзе вырашаць.

- Суд ужо адбыўся. Вырашана яе выселіць.

- Я не магу каментаваць. Давайце, з дазволу кіраўніцтва.

Да начальніка аддзела жыллёвай палітыкі Маскоўскага райвыканкама датэлефанавацца, аднак, не ўдалося. Магчыма, таму што ў выканкаме ішоў чарговы прыём грамадзян. Маладой маці і апекуну Веры Мялешка месцы ў гэтых чэргах ужо няма - яе лёс вырашаны. Высяленне на вуліцу.

Раней Вера Мялешка звярталася ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі, але гэта ніяк ёй не дапамагло.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках