17 красавiка 2024, Серада, 0:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юлію Цімашэнка вылучылі кандыдатам у прэзідэнты

42
Юлію Цімашэнка вылучылі кандыдатам у прэзідэнты

Аб'яднаная ўкраінская апазіцыя «Бацькіўшчына» вылучыла кандыдатам у прэзідэнты экс-прэм'ера Юлію Цімашэнка.

Адпаведнае рашэнне было прынята на пашыранай канферэнцыі «Бацькіўшчыны», якая 7 снежня праходзіць у Кіеве, перадае РІА «Новости».

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці на Украіне ў 2015 годзе. Кандыдатуру Цімашэнка на вышэйшую дзяржаўную пасаду прапанаваў адзін з лідэраў апазіцыі Арсеній Яцанюк. Яго ініцыятыва была прынятая аднагалосна.

Намеснік старшыні партыі «Бацькіўшчына» Аляксандр Турчынаў адзначыў, што такое рашэнне дазволіць «супрацьстаяць тым, хто спрабуе раскалоць апазіцыйны лагер, спадзеючыся, што зноў амбіцыі будуць мець прыярытэт над інтарэсамі краіны». Як перадае УНІАН, ён таксама прапанаваў звярнуцца да прадстаўнікоў партый «Свабода», УДАР і да іншых дэмакратычных сіл, каб забяспечыць перамогу адзінага кандыдата на будучых выбарах прэзідэнта.

Цімашэнка ў цяперашні час адбывае сямігадовы тэрмін за заключэнне нявыгадных для Украіны газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе. Расследаванне ў дачыненні да палітыка пачалося пасля прыходу да ўлады на Украіне Віктара Януковіча і Партыі рэгіёнаў, якая падтрымлівае яго, у 2010 годзе, а прысуд быў вынесены ў кастрычніку 2011-га.

Супраць Цімашэнка распачатыя яшчэ некалькі спраў - яе, у прыватнасці абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і замаху на крадзеж бюджэтных сродкаў. Апазіцыя лічыць, што ўлады пераследуюць яе лідэра па палітычных матывах. З траўня 2012 года з-за хваробы спіны экс-прэм'ер знаходзіцца на лячэнні ў харкаўскім шпіталі.

Адзначым, што закон «Аб выбарах прэзідэнта Украіны» забараняе балатавацца на прэзідэнцкі пост грамадзянам, «якія маюць судзімасць за ўчыненне наўмыснага злачынства, калі гэтая судзімасць не пагашаная і не знятая ва ўстаноўленым законам парадку». Умовы пагашэння і зняцця судзімасці прапісаны ў артыкулах 89-91 Крымінальнага кодэкса Украіны.

Арсеній Яцанюк заявіў, што Цімашэнка зможа балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы ў выпадку, калі Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) прызнае, што яе пераследвалі па палітычных матывах.

Аб'яднаная ўкраінская апазіцыя «Бацькіўшчына» была сфарміраваная вясной 2012 года шляхам зліцця партыі «Бацькіўшчына» Цімашэнка і «Фронту перамен» Арсенія Яцанюка (у яе таксама ўвайшлі партыі «Грамадзянская пазіцыя», «Народны рух Украіны», «Народная самаабарона», «За Украіну!» і «Рэформы і парадак»).

Пасля парламенцкіх выбараў, якія прайшлі на Украіне ў канцы кастрычніка, некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што Цімашэнка засталася толькі фармальным лідэрам апазіцыйнага аб'яднання. Яны адзначалі, экс-прэм'ер не прызнала вынікі галасавання і заклікала паплечнікаў у знак пратэсту адмовіцца ад дэпутацкіх мандатаў. Лідэры «Бацькіўшчыны» пагадзіліся з тым, што выбары былі сфальсіфікаваныя, аднак ад мандатаў адмаўляцца не сталі.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках