20 красавiка 2024, Субота, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітбежанцам не раяць прасіць прытулак ва Украіне

6
Палітбежанцам не раяць прасіць прытулак ва Украіне

Міжнародныя арганізацыі крытыкуюць Украіну за адсутнасць справядлівай сістэмы прадастаўлення палітычнага прытулку.

Выкраданне ў Кіеве расейскага апазіцыянера Леаніда Разважаева зноў прыцягнула ўвагу да гэтай праблемы. Беларускія актывісты ва Украіне раяць бежанцам з Беларусі паспрабаваць шчасця ў іншых краінах Еўропы, перадае «Радыё Свабода».

New York Times вяртаецца да справы выкрадання ў Кіеве і дастаўкі ў маскоўскую турму Леаніда Разважаева. Тое, што ўкраінскія чыноўнікі адмовіліся расследаваць знікненне Разважаева, праваабаронцы разглядаюць як «непавагу да міжнароднага права з боку Украіны», - цытуе газета праваабаронцу з Цэнтра сацыяльных дзеянняў у Кіеве Максіма Буткевіча.

Украіне інкрымінуецца парушэнне агульнапрынятых міжнародных працэдур, якія тычацца прадастаўлення палітычнага прытулку і дэпартацыі. Так, у 2011 годзе палестынскі інжынер Дзірар Абу-Сісі, які прасіў аб прадастаўленні яму ўкраінскага грамадзянства, быў зняты з цягніка паміж Харкавам і Кіевам, а праз некалькі тыдняў апынуўся ў ізраільскай турме па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з ХАМАС. У снежні 2009 года узбекскі бежанец Хамідула Турхунаў знік у Кіеве, і яго сям'я сцвярджае, што ён кінуты за краты ва Узбекістане.

Яшчэ ў 2010 годзе ў справаздачы Міжнароднай Амністыі адзначалася, што «ва Украіне няма адэкватнай і справядлівай працэдуры прадастаўлення прытулку, а сістэма прадастаўлення статусу бежанца не адпавядае міжнароднаму праву».

«Бежанцамi ва Украіне да 2009 года займаўся Дзяржаўны камітэт па нацыянальнасцях і рэлігіях, які ўвесь час рэарганізоўваўся, а ў 2009-2010 зусім перастаў прымаць любыя рашэнні, - тлумачыць палітбежанец з Беларусі Ігар Тышкевіч. - Потым гэтыя пытанні перадалі міграцыйнай службе, якая не прызнала сябе пераемніцай ранейшай структуры».

Ігар на сабе адчуў недасканаласць украінскай міграцыйнай сістэмы: разгляд яго просьбы аб прадастаўленні прытулку прыйшоўся як раз на перыяд чыноўніцкай блытаніны. У мінулым старшыня баранавіцкага грамадскага аб'яднання «Варута» Ігар Тышкевіч быў падвергнуты ціску ў Беларусі пасля ўдзелу ў пратэстах супраць будаўніцтва пад Пухавічамі заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі «Аўгуст-Бел». З'ехаў ва Украіну ў 2008-м, падаў дакументы на прытулак, з тых часоў чакае рашэння справы ў розных інстанцыях.

«Зварот з нагоды прытулку ва Украіне складаецца з двух этапаў, - распавядае Ігар. - І на першым этапе праблем няма. Бежанец падае дакументы ў міграцыйную службу, там без пярэчанняў іх прымаюць, даючы часовую даведку. Праводзіцца першасная праверка: ці падпадае чалавек пад паняцце «бежанец». Выгадны бок украінскага заканадаўства - калі нават фармальна ў вас няма дастатковых прычын для статусу бежанца, але ёсць падставы меркаваць, што на радзіме вы падвергнецеся пераследу, Украіна можа прадставіць вам права «дадатковай абароны» - гэта фактычна тое ж, што і статус бежанца, толькі без дазволу выязджаць за межы краіны.

Другі этап - субяседаванне, дзе і вызначаецца, ці дадуць вам нарэшце статус бежанца. І тут шмат прэтэнзій да сістэмы: у мінулыя гады нават было некалькі карупцыйных скандалаў, калі высветлілася, што статус даюць за хабар».

Ва ўкраінскім заканадаўстве няма паняцця «палітычны» бежанец, і беларусы, якія звяртаюцца за прытулкам, часцей за ўсё атрымліваюць адмову. Паводле статыстыкі за 2009-2010 гады, за прытулкам ва Украіне звярталася па 40 беларусаў у год, а статус атрымалі адзінкі.

Менавіта таму беларускія бежанцы разглядаюць Украіну перш за ўсё як транзітную краіну, як трамплін да выезду ў Еўропу.

«Калі чалавек канчаткова вырашыў з'язджаць з Беларусі, я б параіў яму ўсё ж краіны Еўразвяза, так як параўноўваць тамтэйшае заканадаўства з украінскім нават не варта», - кажа кіраўнік беларускага Цэнтра ва Украіне Вячаслаў Сіўчык. Ён прыводзіць прыклады, калі беларусы, якім было адмоўлена ў прытулку, без праблем знаходзілі яго ў Еўропе. Так быў вымушаны паступіць адзін з адміністратараў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» Ігар Коктыш, які не змог легалізавацца ва Украіне і з'ехаў у Польшчу, і многія іншыя.

Беларусы, якія не хочуць выязджаць з Украіны далей, маюць магчымасць уладкавацца тут і без статусу бежанца: асноўная праблема, якая ўзнікае пры гэтым - афіцыйны дазвол на працу. Аднак калі ўлічыць, што нават па афіцыйнай статыстыцы 44% украінскай эканомікі належыць да ценявой, вырашыць гэтае пытанне не так ужо і цяжка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках