18 красавiка 2024, Чацвер, 5:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хведару Нюньку адмовілі ў беларускай візе

7
Хведару Нюньку адмовілі ў беларускай візе

Старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве ў амбасадзе Беларусі ў Вільні адмовілі ў выдачы візы.

Віза павінна была быць аформленая па запрашэнні МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», піша сайт zbsb.org.

«Я сам да іх не напрошваўся, - кажа Хведар Нюнька, - пры сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Літве Уладзімірам Дражыным я так яму і сказаў, што, калі ёсць нейкі ўказ, каб мне не даваць візу, то лепш адразу скажыце, каб я не бегаў, як хлопчык, але мяне запэўнілі, што ніякіх праблем не будзе».

Хведар Нюнька распавёў, што яму патэлефанавалі з амбасады і запрасілі на сустрэчу для атрымання візы, аднак на месцы высветлілася, што адразу могуць выдаць візу толькі на тры месяцы, а для гадавой візы трэба прадставіць дадатковыя дакументы, якія б пацвярджалі супрацоўніцтва Таварыства беларускай культуры ў Літве з МГА «ЗБС «Бацькаўшчына». Такія дакументы былі прадстаўленыя, аднак 6 снежня супрацоўнікі амбасады паведамілі Хведару Нюньке, што ў візе яму адмоўлена.

«Я ўжо даўно маю праблемы з атрыманнем беларускай візы. Апошні раз я прыязджаў у Беларусь па аднаразовай візе гады два назад, ды і то я сам не змог яе аформіць, а толькі пры садзейнічанні патрэбнай асобы, - успамінае Хведар Нюнька. - А доўгатэрміновай візы ў мяне няма ўжо гадоў пяць».

Сітуацыю каментуе кіраўнік МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская:

«Адмова ў атрыманні беларускай візы Хведару Нюньке разглядаецца намі ў адным шэрагу з адмовамі і іншым ключавым асобам беларускай дыяспары - Яўгену Вапу і Алене Глагоўскай, што можа сведчыць аб сістэмным падыходзе беларускага МЗС».

Хведар Нюнька ўзначальвае Таварыства беларускай культуры ў Літве ўжо больш двух дзесяцігоддзяў. Дзякуючы намаганням таварыства і асабіста Хведара Нюнькі, у Вільні ўстаноўленыя помнікі беларускіх дзеячаў на могілках, адкрытыя мемарыяльныя дошкі Францыску Скарыне, Кастусю Каліноўскаму, Янке Купале, Вацлаву Ластоўскаму, Максіму Гарэцкаму і іншым дзеячам. Таварыствам выдадзены не адзін дзесятак кніг, сабраны багаты архіў па гісторыі Беларусі і Літвы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках