25 красавiка 2024, Чацвер, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНФ: Дэкрэт № 9 стварае небяспечны прэцэдэнт

61
БНФ: Дэкрэт № 9 стварае небяспечны прэцэдэнт

Дэкрэт «Аб дадатковых захадах для развіцця дрэваапрацоўчай прамысловасці» стварае небяспечны прэцэдэнт парушэння правоў працоўных, замацаваных на канстытуцыйным узроўні.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 8 снежня соймам Партыі БНФ у Менску, піша БелаПАН.

Партыя БНФ мяркуе, што пункты дэкрэта наўпрост супярэчаць артыкулу 41 Канстытуцыі, у якой гарантуецца права на «выбар прафесіі, роду дзейнасці і працы ў адпаведнасці з пакліканнем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай ... Прымусовая праца забараняецца, за выняткам працы ці службы, якая вызначаецца прысудам або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Акрамя таго, мяркуюць у партыі, дэкрэт парушае канвенцыю 105 Міжнароднай арганізацыі працы аб забароне прымусовай працы, якую ратыфікавала Беларусь.

Сойм Партыі БНФ мяркуе, што акты, падобныя да дэкрэту 9, служаць нагодай для ўжывання супраць краіны эканамічных абмежаванняў ад Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама адштурхоўваюць ад Беларусі сур'ёзных інвестараў.

У сваёй заяве Партыя БНФ «патрабуе ад суб'ектаў, якія маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, асабліва ад урада, неадкладных дзеянняў у кірунку антыканстытуцыйных і эканамічна шкодных пунктаў дэкрэта».

Акрамя таго, партыя «заклікае дэмакратычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і прафзвязы да салідарнасці з грамадзянамі, якія падпадаюць пад дзеяння дэкрэта».

Нагадаем, падпісаны 7 снежня Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэт № 9 прадугледжвае перавод усіх работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў на кантрактную форму найму. Пры гэтым датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы працаўнікоў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная старшыню абласнога (Менскага гарадскога) выканаўчага камітэта.

Дэкрэт прадугледжвае, што згодна з указам правадыра № 529 «Аб некаторых захадах для развіцця дрэваапрацоўчай прамысловасці» ад 18 кастрычніка 2007 года прадпрыемствам дрэваапрацоўчай галіны павінна надавацца дзяржаўная падтрымка для тэхнічнага пераабсталявання, мадэрнізацыі і рэканструкцыі іх вытворчасцяў.

У сувязі з гэтым работнікі гэтых прадпрыемстваў, акрамя прадугледжанага кантрактам заробку, павінны атрымліваць штомесячныя грашовыя выплаты. Іхную суму прадпрыемствы вызначаюць самастойна, грунтуючыся на сваіх фінансавых магчымасцях.

«У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення за вінаватыя дзеянні сума атрыманай імі за перыяд працы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню», - паведамляе прэс-служба дыктатара.

«Пры невяртанні гэтых выплат былымі працаўнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца паводле пастановы суда з іхнага працоўнага заробку на новым месцы працы. Асобы, што не знаходзяцца ў працоўных стасунках, падлягаюць ўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іхнага заробку» , - адзначаецца ў паведамленні.

Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны дэкрэтам ў дачыненні да работнікаў генеральных наймовых арганізацый і праектантаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў тэхнічнага пераабсталявання, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцяў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Акрамя таго, дэкрэт прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за парушэнне выканаўцам (субвыканаўцам, праектнай арганізацыяй) тэрмінаў выканання работ для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у выглядзе накладання штрафу на службовую асобу ад 10 да 100 базавых адзінак, на юрыдычную асобу - ад 50 да 500 базавых адзінак (базавая адзінка цяпер складае 100 тысяч рублёў).

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках