Першы амбасадар Ізраіля ў Беларусі: «Дзіўна не ведаць пра палітвязняў»
43- 22.02.2012, 12:46
Паводзіны новага ізраільскага амбасадара ў Менску не зразумелі і ў яго на радзіме.
Заявы амбасадара Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала «Радыё Свабода» папрасіла пракаментаваць яго папярэдніка, першага амбасадара Ізраіля ў Беларусі Элі Валка.
«Бурная рэакцыя, якую выклікала прэс-канферэнцыя амбасадара Ізраіля Язэпа Шагала, выклікала ў мяне супярэчлівыя пачуцці.
З аднаго боку, як чалавек, які таксама прыехаў у свой час у Беларусь амбасадарам, я разумеў, што перад гэтым трэба азнаёміцца з краінай, у якую едзеш. Гэта было справядліва і ў 1993 годзе, і ў 2012 годзе. Я мяркую, што спадар Шагал таксама знаёміўся з сітуацыяй у Беларусі. І заявіць, што ён не ведае, што ў Беларусі ёсць палітвязні, калі гэта сакрэт Полішынэля для ўсяго свету - гэта дзіўна.
З іншага боку, я магу зразумець амбасадара, які толькі прыехаў. І любы амбасадар у такім статусе не можа і не павінен адразу пачынаць з крытыкі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне.
Можна і варта выказаць сваё стаўленне да парушэнняў правоў чалавека наогул, у любой краіне. Можна сказаць, што калі даведаюся, скажу больш, але і цяпер асуджаю падобныя парушэнні. Ёсць шмат спосабаў выказаць меркаванне.
Зразумела, што Іосіф Шагал абраў не лепшыя фармулёўкі на сваёй прэс-канферэнцыі.
З таго часу, як я пакінуў Беларусь, прайшло ўжо больш за 12 гадоў, Беларусь прасунулася ў бок пашырэння палітычнага пераследу, але не лібералізацыі рэжыму. Я сустракаўся з рэктарам БДУ Казуліным, з міністрам гандлю Марынічам, які потым быў амбасадарам у Латвіі, а потым яны сталі палітвязнямі. Міжволі напрошваецца выснова наконт расправы з палітычнымі праціўнікамі. Калі я ведаю, што Саннікаў выстаўляў сваю кандыдатуру і цяпер ён палітвязень, то тут каментары залішнія.
- А што б Вы адказалі на пытанне з нагоды палітвязняў, калі б Вы прыехалі амбасадарам у Менск цяпер?
- Я б не казаў, што мне трэба паўгады, каб даведацца. Але таксама б сказаў, што мне трэба вывучыць сітуацыю лепш, даведацца думкі не толькі тых, хто кажа пра пераслед беларускіх палітвязняў ва ўсім свеце, але і афіцыйны пункт гледжання. Аднак пры гэтым я б асудзіў пазбаўленне людзей права выказваць сваё меркаванне. Тут у нас у Ізраілі кожны кажа, што хоча, нават калі гэта наносіць прамую шкоду краіне.