Польскі дэпутат Гурскі: «Нашыя ўлады павінныя зрабіць крок у адказ»
22- 22.02.2012, 14:08
Беларусь парушае міжнародныя канвенцыі і не паважае парламенцкі імунітэт.
Артур Гурскі - дэпутат польскага парламента, якога разам яшчэ з пяццю калегамі беларускія ўлады 21 лютага не пусцілі ў Беларусь, - у эксклюзіўным інтэрв'ю «Радыё Свабода» пракаментаваў сітуацыю. Парламентарый перш за ўсё падкрэсліў, што ўсе 6 дэпутатаў, якія ехалі ў Беларусь, - сябры парламенцкай камісіі па сувязях з замежжам:
«Вядома, што як і польскія дэпутаты мы маем права рэалізоўваць свае парламенцкія задачы, якое выникаюць з нашых статутных дакументаў. А адна з задач нашай камісіі - сустрэчы з прадстаўнікамі польскай меншасці за мяжой. Перш за ўсё з тымі, хто стала пражывае ў Літве, Беларусі, Украіне.
Падчас учорашняй паездкі мы спадзяваліся, што беларускія ўлады будуць паважаць нашыя дыпламатычныя пашпарты і пусцяць нас на беларускую тэрыторыю. Аднак здарылася інакш. Большасці сябраў нашай дэлегацыі ў пашпарты паставілі штамп «Уезд забаронены». І падобна, што і ў будучыні мы не зможам пераехаць беларускую мяжу.
Мы абураныя, што Беларусь парушае міжнародныя канвенцыі, не паважае парламенцкі імунітэт. І гэта пераконвае нас, што Беларусь - не дэмакратычная дзяржава, што яна не шануе еўрапейскія стандарты. І пра які дыялог можна казаць, калі нам нават адмовілі ў высвятленні гэтай сітуацыі?
З афіцыйнага тлумачэння беларускага МЗС мы даведаліся, што нам трэба было прыехаць толькі па запрашэнні афіцыйных беларускіх «дэпутатаў». Гэтым самым парушаецца нашае дэпутацкае права і права міжнароднае. Напэўна, МЗС Польшчы ў гэтай справе запатрабуе тлумачэнняў. І мы спадзяемся, што калі беларускія ўлады так ставяцца да польскіх дэпутатам, то і ўлады Польшчы павінныя зрабіць тое ж самае ў адказ. Гэта - дыпламатычная практыка. І беларускі бок павінен лічыцца з такімі наступствамі. Мы не адступім ад падтрымкі нашых суайчыннікаў за ўсходняй мяжой».
Кіраўнік польскіх дэпутатаў Адам Ліпіньскі кажа:
«Што тычыцца мэты візіту, то мы перш за ўсё хацелі на месцы пагаварыць з сябрамі Саюза палякаў, былі запланаваныя як мінімум дзве-тры вялікія сустрэчы. Пагаварыць аб праблемах, якіх усё больш. У тым ліку пра магчымую забарону замежнай дапамогі для Саюза палякаў».