Падаткавікі працягваюць пераследваць бацьку Анастасіі Палажанка (Фота)
15- 12.03.2012, 12:48
У фірму, дзе працуе Уладзімір Палажанка, прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі Першамайскага раёна Менска.
Там паведамляецца, што ў дачыненні да бацькі актывісткі праводзіцца падатковая праверка, перадае «Еўрарадыё». У сувязі з гэтым падатковая інспекцыя просіць кіраўніцтва фірмы не пазней, чым праз тры працоўныя дні пасля атрымання ліста, прадаставіць даведку аб прыбытках супрацоўніка. Прычым падаць «за ўвесь перыяд, што маецца» - гэта значыць больш, чым за тры гады, якія Уладзімір Палажанка працуе ў дадзенай установе.
Мала таго, Уладзіміра Палажанка памылкова назвалі ў канцы «вышэйпаказанай грамадзянкай».
Гэты ліст стаў працягам павялічанай увагі падаткавікоў да сям'і Палажанка. Спачатку ад самой маладафронтаўкі патрабавалі паведаміць, на якія сродкі яна жыве. Нават прыклалі да патрабавання раздрукоўкі тэлефонных рахункаў за тры гады. Пазней падаткавікі ўзяліся за бацьку - спачатку даслалі позву яму самому, а зараз - працадаўцу.
«Гэты ліст значыць, што зараз ёсць небяспека, што працадаўцы могуць спалохацца. Іх можа напружыць цікавасць падатковай інспекцыі да заробку бацькі, і магчымыя наступствы для фірмы», - лічыць Анастасія Палажанка.
Раней ва Уладзіміра Палажанка ўзнікалі праблемы з-за грамадскай дзейнасці дачкі. У 2007 годзе ён быў звольнены з кіраўніцкай працы ў дзяржаўнай будаўнічай фірме.
