Суддзя разгледзіць законнасць свайго ж прысуду?
13- 16.03.2012, 15:16
Дзіўныя рэчы адбываюцца з адміністрацыйнай справай жыхара Гродна Руслана Пяцько.
Нагадаем, што Руслан Пяцько 10 лютага бягучага года быў прысуджаны судом Ленінскага раёна Гродна да штрафу ў 700 тысяч беларускіх рублёў нібыта за тое, што адмовіўся прайсці дактыласкапію, якую супрацоўнікі міліцыі хацелі прымусіць яго прайсці наўпрост на ягоным працоўным месцы яшчэ 27-га снежня 2011 года. Прысуд вынесла суддзя Алена Пятрова, піша ПЦ «Вясна».
Пасля гэтага Руслан Пяцько, нязгодны з такім рашэннем суда, падаў касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд. Той чамусьці пераадрасаваў гэтую скаргу ў суд Ленінскага раёна. І вось на днях Пяцько атрымаў яшчэ адзін ліст з абласнога суда, у якім паведамляецца, што ягоная справа прызначаная да разгляду суда касацыйнай інстанцыі на 27 сакавіка. Разглядацца яна будзе ў памяшканні Гродзенскага абласнога суда суддзёй Аленай Пятровай.