Сейм Польшчы запатрабаваў вызвалення палітвязняў
7- 2.03.2012, 14:26
Польскі Сейм прыняў рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, якую напярэдадні падрыхтавала камісія па замежных справах.
У рэзалюцыі - патрабаванне неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама заклік да парламентаў усіх еўрапейскіх краін актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі, перадае «Радыё Рацыя».
Як адзначыў віцэ-старшыня Сейму камісіі Роберт Тышкевіч, гэта сімвалічны, але вельмі істотны жэст - жэст салідарнасці з беларускім грамадствам, які сведчыць нязменнасць польскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Гэта дэманструе салідарнасць з беларусамі, паказвае, што яны не адныя ў сваёй барацьбе за свабоду.
У рэзалюцыі дэпутаты заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, а таксама падтрымаць вылучэнне праваабаронца Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію.
«Цяжкая грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі, а перш за ўсё, хваля палітычных рэпрэсій, якая прайшла па Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, патрабуе салідарнасці ўсіх еўрапейскіх краін. Мы, дэпутаты Сейма Польшчы, патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў: Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Зміцера Бандарэнкі, Паўла Севярынца, Зміцера Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Сяргея Каваленкі, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Паўла Сырамалотава. Звяртаемся да парламентаў еўрапейскіх краін Рады Еўропы з заклікам пачаць актыўныя дзеянні на карысць беларускай грамадскасці, грамадзянскай супольнасці і працэсу дэмакратызацыі Беларусі, а таксама ўзмацнення еўрапейскай пазіцыі да рэжыму Лукашэнкі. Заклікаем падтрымаць уручэнне Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму, абаронцу правоў чалавека ў Беларусі. Сейм Польшчы выказвае падзяку парламентарыям ўсіх еўрапейскіх краін Рады Еўропы, якія падтрымалі кандыдатуру Алеся Бяляцкага. Заклікаем таксама да далейшай актыўнасці ў гэтай справе», - гаворыцца ў рэзалюцыі сейма.