Усё, што засталося - Рух недалучэння
14- 6.03.2012, 14:24
Узаемадзеянне ў Руху недалучэння з'яўляецца важным кампанентам супрацоўніцтва Беларусі і Ірана.
Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Акбарам Салехі, які наведвае нашую краіну з візітам 5-7 сакавіка, перадае БелТА.
Сяргей Мартынаў выказаў упэўненасць, што беларуска-іранскае ўзаемадзеянне Руху недалучэння будзе важным кампанентам супрацоўніцтва, асабліва ў гэтым годзе, калі Іран старшынюе ў гэтай арганізацыі.
Іран з'яўляецца важным партнёрам для Беларусі, падкрэсліў Сяргей Мартынаў. Па ягоных словах, сённяшняя сустрэча і перамовы ў Менску іранскага міністра будуць значыць новы далейшы этап у супрацоўніцтве дзвюх дзяржаў.
Беларуска-іранскае супрацоўніцтва мае комплексны шматбаковы характар, паколькі эканомікі дзвюх краін шмат у чым ўзаемадапаўняльныя. «Нам ёсць што абмеркаваць з тым, каб супрацоўніцтва служыла ўмацаванню эканомік дзвюх краін, дабрабыту двух народаў і ўмацаванню міру ў рэгіёнах», - адзначыў міністр замежных спраў Беларусі.
У сваю чаргу кіраўнік іранскага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў важнасць далейшага развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю.