Лукашэнка баіцца пратэстаў працаўнікоў
37- 17.04.2012, 17:32
Лукашэнка патрабуе ад урада рашэння пытанняў на праблемных прадпрыемствах, працаўнікоў якіх апазіцыя заклікае выходзіць на вуліцы.
«Пытанне ў тым, што там працуюць людзі і на некаторых гэтых прадпрыемствах, як я бачу, ужо пачынае падзарабляць «пятая калона», падбіваць, клікаць людзей на вуліцы. Дзякуй Богу, нашыя людзі разумныя. Але, тым не менш, мы не павінныя даваць падобных падставаў і ператвараць прадпрыемства ў аб'ект нейкай палітычнай барацьбы, як гэта робіцца ў нашых суседзяў», - заявіў А.Лукашэнка ў аўторак, сустракаючыся з прэм'ер-міністрам краіны Міхаілам Мясніковічам, перадае «Інтэрфакс».
«Мяне цікавіць, як выконваюцца мае даручэнні па праблемных прадпрыемствах. Я не скажу, што гэта катастрофа або што гэта буйныя прадпрыемствы. Але ёсць пара-тройка сярэдніх прадпрыемстваў, ёсць дробныя прадпрыемствы», - адзначыў ён.
Кіраўнік таксама выказаў незадаволенасць дзейнасцю некаторых банкаў з замежным капіталам, якія аказваюць ціск на беларускія прадпрыемствы.
«Мяне ўсё больш у апошні час насцярожвае факт, калі замежныя банкі, каб прыцягнуць туды нашыя буйныя прадпрыемствы, якія ў асноўным прывозяць у краіну валюту, пачынаюць іх (прадпрыемствы - ІФ) залагоджваць, а часам пагражаць тым, што не атрымаюць крэдыт», - заявіў ён.
«Ці залагоджваюць: мы (банкі - ІФ) вам дадзім крэдыт таннейшы за беларускія банкі, але ўсе вашыя разліковыя рахункі павінныя быць у нашым банку, г.зн. уся валюта павінная паступаць толькі ў наш замежны банк і ні ў якім разе вашых рахункаў не павінна быць у беларускіх банках», - Лукашэнка.
Такім чынам, сказаў А.Лукашэнка, «ідзе ціск на прадпрыемствы, буйныя прадпрыемствы. Гэта недапушчальна». «Таму запросіце кіраўнікоў усіх гэтых банкаў, а ўсе яны з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі, і папярэдзьце іх», - заявіў ён, звяртаючыся да кіраўніка ўрада.