«Палатачнікам» забаранілі карыстацца «картай паляка»
18- 18.04.2012, 18:18
Савет Рэспублікі «нацыянальнага сходу» Беларусі ўхваліў законапраект аб унясенні паправак у закон «Аб статусе «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў», сябра Савета рэспублікі «нацыянальнага сходу».
«Дэпутат» «палаты прадстаўнікоў», сябар Савета Рэспублікі не мае права атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія прадстаўляюць права на ільготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі ільготамі і перавагамі, паведамляе «Інтэрфакс».
Беларускія «парламентарыі», якія маюць такія дакументы, абавязаныя перадаць іх на час ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў у кадравую службу сакратарыятаў «палаты прадстаўнікоў» і Савета Рэспублікі «нацыянальнага сходу».
Як патлумачыў, выступаючы ў сераду ў верхняй палаце «парламента», міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, дадзеная норма ўнесеная ў закон аб статусе «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў», сябра Савета Рэспублікі з улікам рашэння Канстытуцыйнага суда Беларусі па пытанні закона Польшчы «Аб карце паляка».
Акрамя таго, кіраўнік Мінюста адзначыў, што папраўкамі ў законапраект усталяваныя патрабаванні да памочнікаў «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» і сябраў Савета Рэспублікі, іхнія правы і абавязкі, а таксама асаблівасці рэгулявання працы памочнікаў, якія працуюць на ўмовах аплаты працы.
А.Сліжэўскі адзначыў, што ў адпаведнасці з законапраектам памочнік не можа знаходзіцца ў сваяцтве з «дэпутатам» «палаты прадстаўнікоў» або сябрам Савета Рэспублікі, ён не з'яўляецца дзяржаўным служачым і можа працаваць на пасадзе памочніка на тэрмін паўнамоцтваў «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў» або сябра Савета Рэспублікі.