Невядомы з нажом напаў на абменнік у Менску
11- 2.04.2012, 9:36
У Маскоўскім раёне Менска адбыўся напад на касіра абменнага пункта Тэхнабанка.
Інфармацыя аб гэтым змяшчаецца ў штодзённай зводцы галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Менгарвыканкама.
Паведамляецца, што 29 сакавіка ў 14 гадзін 15 хвілін на пункт міліцыі Маскоўскага раёна паступіла інфармацыя аб спрацоўванні сігналізацыі ў абменным пункце валют ААТ «Тэхнабанк», размешчаным у мікрараёне Малінаўка па вул. Громава, 20.
Па факце на месца спрацоўвання сігналізацыі быў адпраўлены нарад. Касірка абменніка міліцыянтам патлумачыла, што ў 14 гадзін 5 хвілін каля ўваходу ў абменны пункт, на яе напаў невядомы. Пад пагрозай нажа ён спрабаваў завалодаць выручкай банка.
Судовымі органамі па Маскоўскім раёне, як паведамляецца, узбуджаная крымінальная справа па арт.207, ч.3 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Разбой, здзейснены арганізаванай групай, альбо з прычыненнем цяжкага целавага пашкоджання, або з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры», якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.