Дырэктарам «Альфа-радыё» Рыбакова пакуль не прызначылі
11- 2.04.2012, 12:13
Кантракт з экс-кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым не падпісаны.
Інфармацыя аб прызначэнні Рыбакава дырэктарам «Альфа-радыё» не адпавядае рэчаіснасці. У размове з «Еўрарадыё» выканаўца абавязкаў дырэктара радыёстанцыі Яўген Урыўскі назваў гэта чуткамі, якія, тым не менш, маюць пэўныя падставы.
«Не прызначаны гэты чалавек. Такое казалі, у тым ліку і мне казалі, але пакуль што - не. Дакументальна пакуль што нічога не замацавана: дырэктар не прызначаны, кантракт з ім не падпісаны», - сказаў Яўген Урыўскі.
Калі справа дойдзе да падпісання кантракта з новым дырэктарам і ці дойдзе ўвогуле, суразмоўца не ведае.
Нагадаем, пасаду старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў атрымаў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. У 2005 годзе Вярхоўны суд прысудзіў яго да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Рыбакова абвінавацілі ў атрыманні хабару, а таксама выкарыстанні службовага становішча з мэтай легалізаваць сродкі, атрыманыя незаконным шляхам.
У лютым 2010 года экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі датэрмінова выйшаў з турмы. У калоніі Рыбакоў узначальваў тэлестудыю.