Псіхіятр: Лукашэнку ставіўся дыягназ «эпілепсія» (Відэа)
220- 2.04.2012, 13:46
Псіхіятр Сяргей Трыфанаў распавёў аб знаходжанні беларускага дыктатара ў Магілёўскай псіхіятрычнай лякарні.
Па звестках Сяргея Трыфанава, перад прызывам у войска Аляксандр Лукашэнка кароткі час быў пацыентам Магілёўскай псіхіятрычнай лякарні, дзе яму ставіўся дыягназ эпілепсія. Эксперт кажа, што ў характары і паводзінах кіраўніка Беларусі можна заўважыць рысы, уласцівыя людзям з такім захворваннем: «Ягоныя брутальнасць, эксплазіўнасць, няўменне стрымліваць эмоцыі, мсцівасць, прыхільнасць да адной стратэгіі паводзінаў і няздольнасць яе мяніць», - сказаў лекар у інтэрв'ю Белсату.
Да гэтага, працягвае Сяргей Трыфанаў, дадаліся рысы, выхаваныя савецкай эпохай: «Быць пільным, паўсюль шукаць ворагаў і змагацца з імі, паказваць, што задаволены сваім жыццём, хваліць вялікага Леніна, вялікага Сталіна. Узгадаем публічнасць працэсаў над ворагамі народа, якія нагадвалі тэатр...»
Адносіны паміж кіраўніком і беларускім народам нагадваюць сітуацыю ў сям'і з разважлівай жонкай, якая клапоціцца пра дабрабыт, і мужам-садыстам. У гэтай раскладцы прысутнічае яшчэ трэці фігурант - міліцыянт-участковы (Расея), які пазычае мужу грошы і ўмешваецца толькі ў надзвычай брутальных выпадках. Аб грэбаванні жонкай у прамым і пераносным сэнсе, паводле Трыфанава, сведчыць выказванне кіраўніка Беларусі адразу пасля абрання на пасаду: «Другой Райкі не будзе», - паведаміў ён, праводзячы паралелі паміж ролямі Галіны Лукашэнка і Раісы Гарбачовай.
З пункту гледжання сэксуальнасці, лічыць псіхіятр, увагі заслугоўвае дэманстрацыя сына Колі як доказу мужчынскай моцы. Паказальныя шматлікія выказванні Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці, на адрас еўрапейскіх палітыкаў у інтэрв'ю Сяргею Дарэнку, а таксама міністра замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле.