Набыць тавар у інтэрнэт-краме можна будзе па картцы
17- 2.04.2012, 17:46
У Беларусі набыць тавар у інтэрнэт-краме можна будзе шляхам дыстанцыйнага пералічэння грашовых сродкаў.
Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 30 сакавіка 2011 №291, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прэс-службе беларускага ўрада.
Дыстанцыйнае пералічэнне грашовых сродкаў - гэта разлікі ў наяўнай або безнаяўнай форме пасродкам аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АІС «Разлік»), мабільнага і інтэрнэт-банкінгу, з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак, праз касы банкаў і аб'ектаў паштовай сувязі, накладзеным плацяжом пры дастаўцы тавараў па пошце, з дапамогай іншых плацяжоў, якія забяспечваюць паступленне сродкаў за аплату тавару на разліковы рахунак прадаўца. Такім чынам, пры гандлі па ўзорах праз інтэрнэт-краму прадавец абавязаны даць пакупнікам магчымасць разліку за набываны тавар шляхам дыстанцыйнага пералічэння грошай. Такую магчымасць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі павінныя забяспечыць пакупнікам у трохмесячны тэрмін, паколькі дадзеная пастанова ўступае ў сілу праз тры месяцы.
Таксама пастанова прадугледжвае, што інфармацыя аб тавары павінная даводзіцца да пакупніка праз каталогі, праспекты, рэкламу, буклеты, фотаздымкі ці іншыя інфармацыйныя крыніцы. Пры гандлі па ўзорах праз інтэрнэт-краму інфармацыя, а таксама дата рэгістрацыі інтэрнэт-крамы ў Гандлёвым рэестры Беларусі размяшчаецца на галоўнай старонцы сайта інтэрнэт-крамы. Дакументы, якія пацвярджаюць факт набыцця тавару, прадавец абавязаны выдаваць пакупніку разам з таварам. Узоры такіх дакументаў і парадак іх афармлення таксама размяшчаюцца на сайце інтэрнэт-крамы.
Пастанова Саўміна № 291 уносіць дапаўненні і змяненні ў пастанову ад 15 студзеня 2009 года № 31, якой зацверджаныя Правілы ажыццяўлення рознічнага гандлю па ўзорах. Такім чынам, зараз у гэтыя правілы ўнесеныя дапаўненні і змены. У цэлым новы дакумент прыняты ў мэтах удасканалення гандлёвага абслугоўвання насельніцтва пры набыцці тавараў у інтэрнэт-крамах.