Першамай забаранілі
20- 26.04.2012, 15:39
Менскі гарвыканкам забараніў левым сілам правядзенне першамайскага мітынгу.
З адказу вертыкалі вынікае, што 1 Мая ў парку Дружбы народаў у заяўлены час будзе праводзіцца «іншае мерапрыемства». Заяўнікі сёння маюць намер вырашыць, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі.
26 красавіка пасля абеду адзін з заяўнікаў акцыі на Першамай Валер Ухналёў атрымаў афіцыйны адказ з Менгарвыканкама на заяўку з просьбай дазволіць у парку Дружбы народаў 1 Мая з 12 да 13 гадзін мітынг. Адказ з Менгарвыканкама абвяшчае, што ў той жа час на тым жа месцы будзе праводзіцца іншае мерапрыемства. Якое менавіта - вертыкаль не палічыла патрэбным паведаміць заяўнікам. Пра гэта «Беларускаму партызану» паведаміў Валер Ухналёў.
«Адмова для нас нечаканая. Усё ж такі гэта свята ў нас, дзяржаўнае свята, міжнароднае свята. Мы не меркавалі, што гарвыканкам можа забараніць мітынг у дзень дзяржаўнага свята. Думаю, пытанні, на якія ва ўладаў няма адказу (а гэта - праца, заробак, сацыяльная абароненасць), то, пра што і планавалася гаварыць на гэтым мітынгу, улады не задавальняюць. Ім няма чаго сказаць людзям. Улада проста баіцца нязручных пытанняў, на якія не можа даць адказу», - падкрэсліў Валер Ухналёў.
Сёння заяўнікі Першамайскага мітынгу (Валер Ухналёў, Аляксандр Бухвостаў, Валер Фралоў) збяруцца, каб вырашыць, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі.
«Менгарвыканкам меў законнае права прапанаваць для мітынгу іншае месца, роўна як і прапанаваць іншы час для мітынгу. Не зрабіў. Будзем вырашаць», - адзначыў А.Бухвостаў.