Актывістку апазіцыі судзяць за рыдлёўкі
17- 27.04.2012, 16:27
Суд Слуцкага раёна 27 красавіка пачаў разглядаць пазовы «дэпутатаў» мясцовага райсавета па адміністрацыйнай справе супраць грамадскай актывісткі Зінаіды Цімошак.
«Дэпутаты» маюць намер спагнаць з пенсіянеркі шматмільённыя штрафы за тое, што яна нібыта абразіла іхнія гонар і годнасць, паведамляе «Радыё Свабода».
Канфлікт у Слуцку пачаўся летась 1-га кастрычніка. Грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошак арганізавала тады суботнік, каб зрабіць парадак на старых могілках, што на вуліцы 14-ці Партызан. Запрашэнні на суботнік атрымалі жыхары Слуцку, а таксама ўсе 24 дэпутаты Слуцкага райсавету.
Суботнік адбыўся ў прызначаны час. Для дэпутатаў нехта выставіў на могілках рыдлёўкі. На чаранках былі прымацаваныя таблічкі з прозвішчамі дэпутатаў. Ім гэтыя радлёўкі з надпісамі падаліся крыжамі.
Праз месяц Зінаіду Цімошак абвінавацілі ў тым, што яна «знарок зняважыла гонар і годнасць дэпутатаў у непрыстойнай форме». У Слуцку па адміністрацыйнай справе супраць Зінаіды Цімошак адбылося ўжо тры судовыя паседжанні. Адное з іх - сёння.
Паводле Зінаіды Цімошак, яна не прызнае сябе вінаватай, абвяргае, што мае дачыненне да «імянных рыдлёвак» дэпутатаў, кажа, што іх прынёс нехта іншы. Таксама Зінаіда заявіла адвод суддзі Святлане Пастуховай:
«Я лічу, што гэтая суддзя і раней парушыла шмат якія працэсуальныя нормы, незаконна мяне пакарала штрафам у 700 тысяч рублёў. Але Святлана Пастухова адхіліла маё хадайніцтва аб недаверы. Таксама я прасіла не праводзіць паседжанне без адваката да таго, пакуль не будзе атрыманае рашэьне з абласнога суду па маёй нагляднай скарзе, якую я даслала раней. Урэшце я заявіла, што суддзя і дэпутаты прагнуць майго пакарання. Але прыйдзе яшчэ час, калі будзе справядлівы суд, і ўсе тыя грашовыя спагнанні з мяне заплацяць тыя людзі, якія ініцыявалі гэты судовы працэс, і той, хто спрычыніўся да пакарання мяне...», - кажа Цімошак.
Па словах Зінаіды Цімошак, яна атрымлівае толькі пэнсію школьнага настаўніка і таму грашовыя пазовы дэпутатаў для яе непад’ёмныя:
«Трое дэпутатаў патрабуюць па 5 мільёнаў рублёў, яшчэ адзін - 7 мільёнаў. Вось і лічыце... Плюс яшчэ патрабуюць, каб я заплаціла дзяржпошліну, а гэта па 300 тысяч рублёў за кожнага... Калі суддзя задаволіць патрабаванні гэтых дэпутатаў, то за імі, пэўна, пацягнуцца іншыя іх калегі...», - кажа актывістка.