Мядзведзеў: Пераслед палітычных праціўнікаў недапушчальны
113- 29.04.2012, 10:15
На паседжанні Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Расеі абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі.
Праваабаронцы распавялі Дзмітрыю Мядзведзеву аб тым, што расейскі МЗС адзначае парушэнні толькі ў тых краінах, якія крытыкуюць Маскву, але пры гэтым вельмі складаныя праблемы правоў чалавека ў краінах-саюзніцах Расеі застаюцца незаўважанымі, а крытыка ў дачыненні да іх у міжнародных арганізацыях блакуецца расейскімі дыпламатамі.
Сябар Савета Юрый Джыбладзэ заявіў, што расейскія дыпламаты часам робяць заявы аб сітуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах зыходзячы з прынцыпу «вока за вока, зуб за зуб», адзначаючы парушэнні толькі ў тых краінах, якія самі крытыкуюць Расею, а праблемы ў краінах-партнёрах застаюцца незаўважанымі, крытыка ў дачыненні да іх у міжнародных арганізацыях нашымі дыпламатамі блакуецца.
У якасці прыкладу Джыбладзэ прывёў сітуацыю ў Туркменістане і Беларусі.
У першым выпадку дзяржава настойліва стымулюе расейскіх грамадзянаў альбо адмовіцца ад грамадзянства РФ, альбо пакінуць тэрыторыю Туркменістана, а Расея ў сваю чаргу пагаршае парушэнне іхніх правоў, прыпыніўшы працэдуру абмену замежных пашпартоў Расеі.
Гаворачы аб праблемах Беларусі, Юрый Джыбладзэ назваў сітуацыю з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, які асуджаны на 4,5 года «за нібыта ўхіленне ад падаткаў, а на самой справе за шматгадовую прынцыповую пазіцыю і працу ў галіне правоў чалавека». На думку Джыбладзэ, для вырашэння гэтага пытання Расея амаль нічога не робіць.
У межах сустрэчы Джыбладзэ перадаў прэзідэнту зварот па справе Бяляцкага, падпісаны сябрамі Савета.
«Нашая краіна, якая імкнецца мець вядучае становішча ў свеце, не можа і не павінная ігнараваць праблему правоў чалавека не толькі ў сябе дома, але і ў суседніх краінах. З таго, каму шмат дадзена, і хто прэтэндуе на многае, і попыт большы, і адказнасць павінная быць больш сур'ёзнай», - заявіў праваабаронца.
У адказ Мядзведзеў заявіў, што не ідэалізуе расейскае знешнепалітычнае ведамства.
«МЗС у нас такі, які ёсць, у яго ёсць і моцны бок чычэрынска-молатаўскай школы, і не вельмі моцны. І я сам, як кіраўнік дзяржавы, неаднаразова да гэтай тэмы звяртаўся, але я ўсё ж такі не магу пагадзіцца вось з чым. Вядома, МЗС павінен займаць адэкватную пазіцыю, але лічыць, што МЗС кусае толькі тых, хто кусае нас, гэта не зусім справядліва», - адказаў Мядзведзеў.
Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што, напрыклад, у пэўны перыяд і яму, і МЗС прыйшлося «зрабіць вельмі жорсткія заявы, якія тычацца выканання правоў у Беларусі, ва Украіне». Ён адзначыў, што гэта «насамрэч вельмі блізкія краіны», і па цэлым шэрагу спраў, якія разглядаюцца ў цяперашні час, на Расею «вельмі моцна крыўдзіліся».
«Тым не менш, гэта была і мая пазіцыя, і я МЗС даваў указанні, у частцы пераследу палітычных праціўнікаў - гэта абсалютна непрымальна, гэта кідае цень і на саму дзяржаву, напрыклад, калі казаць пра Украіну, і на тых, хто такія рашэнні прымае . Можна ненавідзець адзін аднаго, можна казаць усё, што заўгодна ў палемічным запале, і ў запале палітычнай барацьбы, але калі на лаве падсудных і ў турме аказваюцца ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі, прамыя супернікі па палітычным працэсе, гэта, як мінімум, выклікае велізарнае здзіўленне, нават з улікам нашых багатых таталітарных традыцый», - сказаў Мядзведзеў.