Прадпрымальнікаў «Экспабела» папрасілі напісаць паклёп (Відэа)
22- 6.04.2012, 16:37
Улады спужаліся вулічных пратэстаў прадпрымальнікаў.
Адміністрацыя ГЦ «Экспабел» прапанавала сваім арандатарам падпісаць падзяку ў яе адрас і характарыстыку лідара прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, у якой ён названы «запальчывым, вёрткім і ілжывым».
Аб гэтым Шумчанка паведаміў БелаПАН.
Па словах Шумчанкі, прадпрымальніка, якога пазбавілі месца на другім паверсе ГЦ «Экспабел», выклікалі ў адміністрацыю і папрасілі раздаць арандатарам паперу, якую тыя павінныя падпісаць.
Шумчанка зачытаў некаторыя часткі прапанаванай прадпрымальнікам заявы. У тэксце гаворыцца: «Усе мы вельмі шкадуем аб тым, што сталі інструментам уздзеяння ў чужых руках і падпарадкаваліся волі завадатараў (пад завадатарам пазначаны Шумчанка. - БелаПАН.). Выказваем падзяку арэндадаўцам за фінансавую падтрымку, аказаную арандатарам, якія выявіліся ў пакіданні выдаткаў на ўтрыманне аб'ектаў арэнды ў крызісны час на нізкім узроўні па параўнанні з іншымі гандлёвымі цэнтрамі на працягу больш чым паловы года».
«Гэта значыць, яны просяць выказаць ім падзяку за тое, што яны паднялі арэнду больш чым у чатыры разы!» - абураны лідэр «Перспектывы».
Да заявы прыкладаецца і характарыстыка самога Шумчанкі, у якой пазначана, што ён сем разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і адзін раз - да крымінальнай. Таксама яго называюць «запальчывым, вёрткім і ілжывым».
«Адміністрацыя паказала свой нізкі бок. Не бачу пакуль ніякіх подпісаў. Паводле маёй інфармацыі, прадпрымальнікі адмаўляюцца падпісваць. Калі я даведаюся, што яны падпісаліся пад маёй характарыстыкай, буду падаваць у суд пазовы аб абароне гонару і годнасці. Я даведаюся прозвішчы і так проста гэтане пакіну», - пракаментаваў сітуацыю Шумчанка.
Раней прадпрымальнікі заявілі, што гатовыя пратэставаць на вуліцы супраць павышэння арэнднай платы.