Брат збітага ў Калінкавічах: Міліцыянт быў шалёны
98- 10.05.2012, 11:24
Збітага міліцыянтам да паўсмерці Канстанціна Рудзеню выпісалі з лякарні пры тым, што ён не мог стаяць на нагах.
Непаўнагадовы Канстанцін Рудзеня, пацярпелы ад міліцыянтаў у Калінкавічах, і ягоныя сваякі далі інтэрв'ю «Белсату».
Сам Канстанцін Рудзеня прызнаецца, што амаль нічога не памятае. Толькі тое, што прасіў міліцыянта падняць яго, таму што не мог дыхаць. Міліцыянта, які яго біў, ён называе неадэкватным.
Па словах Аляксандра Рудзені, брата пацярпелага, праваахоўнік меў блукаючы позірк і не звяртаў увагі на шматлікія просьбы мінакоў адпусціць хлопца. Толькі загадваў падначаленым адганяць людзей ад месца здарэння.
«Такое адчуванне, што міліцыянт быў шалёным - погляд у нікуды, абыякавы да таго, што адбывалася вакол, як быццам нікога не бачыць», - кажа Аляксандр Рудзеня.
Маці Канстанціна Рудзені ўпэўненая, што лекары супрацоўнічаюць з міліцыяй, бо сына, які не мог стаяць на нагах, выпісалі дадому. Канстанціна на каталке падвезлі да таксі і выгрузілі туды.
Адвакат пацярпелага Віктар Чабатароў кажа, што міліцыянты не накіравалі збітага на экспертызу, што сведчыць аб іх жаданні замесці сляды.
Нагадаем, некалькі дзён таму ў сацсетцы Вконтакте з'явілася шокавае відэа, на якім на вачах у сотняў сведак супрацоўнікі міліцыі ўтрымліваюць чалавека, які ляжыць у лужыне крыві.