У ІЧУ адмовіліся прымаць перадачы для Дзмітрыева і Пашкевіча
1- 11.05.2012, 12:03
Каля аддзела міліцыі Смалявіцкага раёна сабраліся актывісты кампаніі «Гавары праўду», а таксама некалькі чалавек з мясцовых вёсак і дачных кааператываў.
Яны прынеслі перадачу і віншавальныя паштоўкі для зняволеных Андрэя Дзмітрыева і Міхаіла Пашкевіча. Заўтра Дзмітрыеў адзначае дзень народзінаў, перадае «Радыё Свабода».
Некалькі хвілін таму да іх падышлі журналісты з Фінляндыі і ўзялі інтэрв'ю.
Зараз уся група накіроўваецца да ізалятара часовага ўтрымання, дзе сядзяць Дзмітрыеў і Пашкевіч.
Яны спрабавалі перадаць перадачу. У аддзеле міліцыі адмовілі на той падставе, што перадачы могуць перадаваць толькі блізкія сваякі. Але гэта немагчыма: жонка Дзмітрыева сядзіць дома з малым дзіцём і прыехаць не можа.
Актывісты кампаніі «Гавары праўду» кажуць, што гэта незаконная адмова. Яны маюць намер заўтра яшчэ раз прыехаць і ўсё ж перадаць перадачу. Магчыма, паспрабуюць узяць даверанасць ў сваякоў. Заўтра тут будуць лідары кампаніі, і яны спадзяюцца, што ўсё ж змогуць перадаць перадачу ў дзень народзінаў Дзмітрыева.
У панядзелак, 7 мая, суддзя Смалявіцкага раёна Алена Міснік пастанавіла арыштаваць на 10 сутак аднаго з лідараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева. На 10 сутак быў арыштаваны таксама актывіст гэтай кампаніі Міхаіл Пашкевіч. Іх прызналі вінаватымі ў парушэнні артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Дзмітрыеў і Пашкевіч дапамагалі мясцовым жыхарам, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку. Яго мяркуецца размясціць у паўднёва-заходняй частцы Смалявіцкага раёна, на захад ад Нацыянальнага аэрапорта «Менск-2».



