19 красавiка 2024, Пятніца, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўдронюс Ажубаліс: Беларускія ўлады не змогуць пагасіць крэдыты

6
Аўдронюс Ажубаліс: Беларускія ўлады не змогуць пагасіць крэдыты

Міністр замежных спраў Літвы распавёў аб магчымасцях ўплыву ЕЗ на сітуацыю ў Беларусі і ва Украіне.

Аўдронюс Ажубаліс адказаў на пытанні аб будаўніцтве АЭС у Літве, Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі, а таксама пра тое, што можа зрабіць Літва і ЕЗ дзеля змены сітуацыі ў Беларусі і Украіне. Прыводзім вытрымкі з інтэрв'ю палітыка еўрапейскаму парталу EurActiv (пераклад - charter97.org).

- На мінулым тыдні ўрад Літвы даў канчатковы дазвол на рэалізацыю планаў, накіраваных на скарачэнне залежнасці ад расейскіх крыніц энергіі, у тым ліку, па будаўніцтве новай атамнай электрастанцыі. Які ваш адказ на заклапочанасць іншых дзяржаў-сябраў ЕЗ, улічваючы пытанне ядзернай бяспекі?

- Мы атрымалі вельмі пазітыўны водгук з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) і асабіста ад яго генеральнага дырэктара Юкіа Амано. Нашыя праекты вельмі добра ўхваленыя. Адзнака ўздзеяння на навакольнае асяроддзе была зробленая ў 2009 годзе. Былі ідэальныя адказы ад усіх суседніх краін.

Нас турбуюць незразумелыя праекты, якія распрацоўваюцца ў Беларусі і Калінінградскай вобласці. Тут мы не бачым дакладнасці. На свае пытанні мы атрымліваем ненадзейныя адказы. Удзельнікі канвенцыі Эспоо ў цяперашні час зрабілі афіцыйны запыт у Беларусь аб праекце АЭС. Але ніякіх адказаў няма, толькі прапагандысцкія лозунгі.

- Вы сказалі, што кіраўніцтва Беларусі прадае суверэнітэт краіны ў Расею. Што гэта значыць?

- Яны бяруць крэдыты, якія не ў стане пагасіць. Яны прадаюць акцыі сваіх стратэгічных прадпрыемстваў, напрыклад «Белтрансгаз». Яны прадаюць «Беларуськалій», які з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў угнаенняў. Яны прадаюць, таму што не атрымліваюць крэдытаў ад ЕЗ. Гэта звязана з іхняй палітыкай у галіне правоў чалавека. На жаль, такім чынам, яны крок за крокам прадаюць незалежнасць сваёй краіны.

- Што можа зрабіць Літва, як частка ЕЗ, у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

- Мы павінныя дзейнічаць разам - таксама, як падчас адклікання нашых дыпламатаў з Менска. Толькі адзінства можа захаваць эфектыўнасць нашай пазіцыі адносна дакладных і мэтанакіраваных санкцый.

- Улічваючы выпадак Юліі Цімашэнка, ці ёсць сэнс змешваць палітыку, правы чалавека і спорт?

- Так. Гаворка ідзе пра лёсы людзей. Мы павінныя прымаць меры для ціску на кіраўніцтва Украіны усімі магчымымі сродкамі, каб яно стала больш адкрытым і больш паважліва ставілася да грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. З іншага боку, мы не павінныя зачыняць дзверы Еўропы дзеля Украіны.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках