9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыгор Барадулін распавёў, як яго вербаваў КДБ

3
Рыгор Барадулін распавёў, як яго вербаваў КДБ

Вядомы журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран выдаў кнігу размоваў з Рыгорам Барадуліным.

Журналіст і даследчык беларускай літаратуры Сяргей Шапран выпусціў унікальную кнігу размоваў з Рыгорам Барадуліным - «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбом Сам-насам з Барадуліным». Кніга выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». На 350 старонках Шапран распытаў Барадуліна пра ўсё. Журналіст кажа, што незададзеных пытанняў не засталося. У кнігу ўвайшлі як інтэрв'ю, апублікаваныя раней, так і зробленыя адмыслова для гэтай кнігі.

Сяргей Шапран распавёў «Еўрарадыё», як стваралася кніга.

«Шмат гутарак рабілася ў Менску. Але пра нешта з дзядзькам Рыгорам мы гутарылі і ва Ушачах, нават уначы. Там ёсць момант, дзе мы гутарым пра аднаго з найлепшых сяброў Барадуліна – Уладзіміра Караткевіча. Размова ідзе пра «Ладдзю Роспачы», якая прысвечаная Барадуліну, пра Гервасія Выліваху. І вось гэтая размова адбылася аднойчы вясной уначы ва Ушачах».

«Было б не надта шчыра даваць толькі старыя адказы на пытанні, што ўжо друкаваліся. Шмат пытанняў раней ці не было нагоды, ці не было магчымасці задаць – і мы з ім сустракаліся. Першая такая сустрэча працягвалася 5 гадзін. Пяць гадзін запар мы з Барадуліным размаўлялі! Прычым, дзядзька Рыгор не надта добра сябе адчуваў, не надта добра гаварыў... І мне падалося, што нічога сёння не атрымаецца з гэтай нашай сустрэчы. Але недзе гадзіны праз тры Рыгор Іванавіч ужо і гаварыў добра, і выглядаў добра!.. Праз пяць гадзін пытанні скончыліся, я сяджу такі разгублены. А дзядзька Рыгор кажа: «Падумайце, спытайце яшчэ пра нешта!»

Шапран кажа, што напачатку былі пытанні, задаваць якія было цяжка, няёмка, нетактоўна. Але ён перасіліў сябе, бо хацеў, каб кніга атрымалася як мага паўнейшай.

Сяргей Шапран:  «Адно з іх – гэта пытанне пра смерць. Ці думае Рыгор Іванавіч пра свой сыход? Я не мог не запытацца, бо на мой погляд, тэма смерці проста пануе ў творчасці Барадуліна цягам апошняга 10-годдзя. Я пытаўся, ці думае Рыгор Іванавіч, што сустрэнецца там са сваёй мамаю, са сваімі бліжэйшымі сябрамі? Так, дзядзька Рыгор пра гэта думае. І адказы на гэтыя пытанні ў кніжцы ёсць».

Як ёсць адказы і на шмат якія іншыя. Напрыклад, паэт распавёў (ці не ўпершыню!) як яго спрабаваў вербаваць КДБ, як у яго атрымалася не падпісаць ліст супраць Сахарава і Салжаніцына, чаму ён і цяпер часам не лічыць сябе паэтам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках