Расеец у кайданках збіў беларускага даішніка
172- 18.06.2012, 13:27
Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу.
У гэтым злачынстве падазраецца 46-гадовы кіроўца расейскай «фуры». Як паведамляе «Рэгiянальная газета», расеец ударыў супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі галавой у твар. Інцыдэнт адбыўся 12 чэрвеня гэтага года.
Па словах начальніка Валожынскага аддзела Следчага камітэта Віталя Юрэвіча, у той дзень каля 15:00 інспектары дарожна-паставой службы на трасе Менск - Гродна недалёка ад паказальніка на вёску Белакорац Валожынскага раёна спынілі «фуру» з расейскімі нумарамі. Кіроўца падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікаў ДАІ не адразу. Прыйшлося арганізаваць пераслед аўтацягніка з Расеі. «Фуру» дагналі, аднак кіроўца аказаў супраціў. Каб пазбегнуць праблем з затрыманым, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі вымушаныя былі ўжыць спецсродкі - на дальнабойніка апранулі кайданкі.
«Расейца, які відавочна быў п'яны, адвезлі на медыцынскі агляд, - гаворыцца ў нататцы. - У кабінеце лекара ён галавой разбіў да крыві твар валожынскаму інспектару. Абвінавачаны быў арыштаваны і ў дадзены момант чакае суду ў ізалятары часовага ўтрымання. Яму пагражае пакаранне ажно да шасці гадоў пазбаўлення волі».