У Беларусь прыязджае Нарышкін
14- 7.06.2012, 10:13
Старшыня Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Нарышкін 25 чэрвеня наведае Беларусь з візітам.
Пра гэта паведаміў расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў 6 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Нагадаем, Нарышкін быў абраны спікерам расейскай Дзярждумы ў снежні мінулага года. 5 красавіка 2012 года яго таксама абралі старшынём Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі (ПС СБР). Абранне адбылося ў Маскве на 41-й сесіі ПС СБР, паведамляе БелаПАН.
На гэтай пасадзе Нарышкін змяніў Барыса Грызлова, які, знаходзячыся ў рангу старшыні Дзярждумы, на працягу васьмі гадоў узначальваў і саюзны парламент. Кандыдатуру Нарышкіна унёс на галасаванне першы намеснік старшыні ПС СБР, спікер ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка. Гэтая прапанова была прынятая аднагалосна.
У сваім выступе пасля абрання Нарышкін заявіў, што «мае намер выкарыстоўваць на пасадзе старшыні усе магчымасці для павышэння аўтарытэту Парламенцкага сходу і развіцця інтэграцыі Беларусі і Расеі». На ягоную думку, ад поспеху саюзнага будаўніцтва шмат у чым залежыць поспех еўразійскай інтэграцыі і, у прыватнасці, Еўразійскага эканамічнага саюза, які Беларусь, Расея і Казахстан плануюць стварыць да 2015 года.
Паводле Нарышкіна, развіццё еўразійскай інтэграцыі патрабуе развіцця новых наднацыянальных інстытутаў, і ў гэтай сферы можа быць асабліва запатрабаваны досвед ПС СБР.