Расея паставіць у Беларусь ЗРС С-300ПМУ1
34- 12.07.2012, 14:41
Расея паставіць Беларусі 8 камплектаў зенітна-ракетных сістэм С-300ПМУ1.
Пра гэта заявіў «Інтэрфаксу-АВН» генерал-маёр Зміцер Пахмелкін, камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі.
«Пастаўкі пачаліся ў адпаведнасці з пагадненнем. Мы ўжо атрымалі чатыры ЗРС. Яшчэ павінны атрымаць столькі ж у бліжэйшы час», - сказаў генерал З.Пахмелкін.
Ён падкрэсліў, «перадача Беларусі сістэм С-300ПМУ1 вытворчасці канцэрна СПА «Алмаз-Антэй» ажыццяўляецца ў рамках Адзінай рэгіянальнай расейска-беларускай супрацьпаветранай абароны».
Як раней паведамляў сайт charter97.org, Расея два тыдні таму прыпыніла пастаўку ЗРС-300 ПМУ-2 Сірыі. Крыніцы ў абаронна-прамысловым комплексе Расеі распавялі, што адгрузка С-300 у Сірыю была адменена «па ўказанні зверху».
Само існаванне кантракту паміж Расеяй і Сірыяй, які раней не абвяшчаўся, пацвярджаецца ў гадавой справаздачы «Ніжагародскага машынабудаўнічага завода» (уваходзіць у канцэрн «Алмаз-Антэй») за 2011 год. У ёй, у прыватнасці, прапісаны кантракты з Алжырам і Сірыяй на пастаўку С-300 коштам 39 і 105 мільёнаў даляраў адпаведна.
Пастаўкі павінны былі завяршыцца ў 2012 - пачатку 2013 года. Адгрузка трох дывізіёнаў С-300 у Алжыр, паводле слоў прадстаўніка «Расабаронэкспарта», ужо адбылася.
Супраць пастаўкі зброі ў Сірыю, дзе ідзе грамадзянская вайна, выступаюць шэраг заходніх дзяржаў, уключаючы ЗША і краіны Еўразвяза. У 2010 годзе Расея анулявала кантракт на пастаўку С-300 ПМУ-2 Ірану.
Паводле інфармацыі СМІ і міжнародных арганізацый, пастаўкі зброі краінам-ізгоям ажыццяўляюцца праз Беларусь.