Старшыня АБСЕ заклікае выпусціць Карняенку з Беларусі
18- 12.07.2012, 15:06
Дзеючы старшыня АБСЕ, ірландскі віцэ-прэм'ер Эйман Гілмар заклікаў улады як мага хутчэй адмяніць забарону на выезд на канферэнцыю АБСЕ ў Вену Віктару Карняенке.
Гілмар выказаў шкадаванне, што беларускія ўлады забаранілі выезд за мяжу сустаршыні грамадзянскай ініцыятывы «За сумленныя выбары» Віктару Карняенке, які быў запрошаны для ўдзелу ў двухдзённай канферэнцыі па пытаннях «выбараў». Ён адзначыў, што згодна з абавязацельствамі АБСЕ, якія ўзяла на сябе і Беларусь, «удзел прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці заўсёды займаў цэнтральнае месца ў дзейнасці АБСЕ», перадае «Радыё Свабода».
Амбасадар Янэз Ленарчыч, дырэктар Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, якое займаецца арганізацыяй сустрэчы, адзначыў, што перашкоды паездкам актывістаў-праваабаронцаў і іх ўдзелу ў мерапрыемствах супярэчаць абавязацельствам АБСЕ:
«Беларусь, як і ўсе дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, узяла на сябе абавязацельства дазваляць удзельнікам такіх груп і арганізацый мець бесперашкодны доступ да міжнародных арганізацый і падтрымліваць сувязь з імі».