Беларускіх салдат пашлюць у Цэнтральную Азію
26- 16.07.2012, 10:16
Пасля выхаду Узбекістана з АДКБ Масква можа запатрабаваць ад Менска нарошчвання кантынгентаў саюзнікаў у Цэнтральнай Азіі.
Узбекістан прыпыніў удзел у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспеке (АДКБ). На думку шэрагу аналітыкаў, Узбекістан распачаў дэмарш, па-першае, таму, што не атрымаў ад Расеі жаданай фінансавай дапамогі і эканамічных прэферэнцый, а па-другое, не згодны з планамі нарошчвання расейскай ваеннай прысутнасці ў Цэнтральнай Азіі, пішуць naviny.by.
У сувязі з гэтым Ташкент вырашыў зрабіць асноўную стаўку на амерыканцаў. Апошнія бачацца ўзбекскаму кіраўніцтву не толькі больш надзейным шчытом ад талібаў, але і гарантам захавання як унутранай стабільнасці ў краіне, так і самога кіруючага рэжыму.
«Будучы адной з самых населеных краін, аднак пазбаўленай выхаду да мора і значных рэсурсаў, Узбекістан проста асуджаны на няўстойлівую і зменлівую палітычную лінію», - лічыць дырэктар Інстытута краін СНД (Масква) Канстанцін Затулін. Сапраўды, цяперашні зігзаг кіруючай эліты Узбекістана зусім не першы і, хутчэй за ўсё, не апошні.
Страціўшы пасля распаду СССР саюзнае фінансаванне, Ташкент знаходзіцца ў пастаянным пошуку спонсарскай падтрымкі. На першых парах была прадпрынята спроба аднавіць сувязі з Масквой, каб хоць бы часткова вярнуць сабе страчаныя пры распадзе Саюза датацыі. Гэта выявілася ў спробе збліжэння з Расеяй па формуле: ўлік геапалітычных інтарэсаў Масквы ў абмен на эканамічныя ільготы і прэферэнцыі.
Трэба сказаць, што да падобнай стратэгіі спрабавалі звярнуцца і іншыя былыя савецкія рэспублікі, і ў ліку першых - Беларусь. Аднак нямногім пашанцавала так, як Менску, які здолеў першапачаткова пазіцыянаваць сябе ў якасці заходняга бастыёна Расеі.
У прыватнасці, у адносінах да былых савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі ў першыя гады пасля распаду СССР Расея была не вельмі шчодрая. З аднаго боку, існавала меркаванне, што яны заўсёды былі нахлебнікамі ў славянскага ядра Саюза і зараз варта зняць іх з забеспячэння. А з іншага боку, у Масквы ў 1990-х проста не хапала рэсурсаў на падкорм. Ды і вяртанне на цэнтральнаазіяцкія рубяжы савецкай імперыі пасля афганскага шоку ў Крэмле ўяўлялася тады неактуальным.
І гэта, вядома ж, не магло не паўплываць на адносіны Ташкента з Масквой. Асаблівай вастрыні рознагалоссі дасягнулі ў 1999 годзе, вынікам чаго стала адмова Узбекістана падаўжаць дамову аб калектыўнай бяспеке, што азначала выхад з АДКБ. У тым жа годзе краіна далучылася да празаходняй інтэграцыйнай арганізацыі на постсавецкай прасторы - блоку ГУАМ (Грузія, Украіна, Азербайджан, Малдова), дадаўшы ў яго назву яшчэ адну літару «У» - ГУУАМ. Членам гэтай рыхлай структуры Узбекістан заставаўся да 2005 года.
Аднак пасля падзей у Андзіжане, калі ахвярамі падаўлення бунта сталі амаль 200 чалавек, збліжэнне з Захадам апынулася пад пытаннем. Пачалася карэкціроўка знешнепалітычнага курсу, і зноў у якасці асноўнага партнёра была абрана Расея. У 2006 годзе Узбекістан аднавіў членства ў АДКБ, уступіў у ШАС і ЕўрАзЭС. І, адпаведна, выйшаў з ГУУАМ.
Аднак ідылія доўжылася нядоўга: Ташкент зноў змяніў знешнепалітычны курс. У значнай ступені - з-за вострай рэўнасці да Казахстана, які пры падтрымцы Расеі вылучыўся на ролю рэгіянальнага лідэра. Але галоўнай прычынай, як і пры мінулым разрыве, сталі эканамічныя інтарэсы. ЗША, магчымасці якіх невымерна шырэй расейскіх, будучы зацікаўленымі ў дыверсіфікацыі шляхоў вываду сваіх войскаў з Афганістана, гатовыя шчодра плаціць за садзейнічанне ў гэтым.
Як адзначаюць эксперты, выхад Узбекістана з АДКБ - сур'ёзны ўдар па Еўразійскаму праекту Пуціна. Фактычна ў Цэнтральнай Азіі рэальным саюзнікам Расеі застаецца толькі Казахстан. Між тым без Ташкента забяспечыць бяспеку ў цэнтральнаазіяцкім рэгіёне будзе цяжка. Да таго ж сыход Узбекістана можа паслужыць благім прыкладам для Таджыкістана і Кіргізіі.
Афіцыйны Менск з нагоды дэмаршу Ташкента пакуль выказаўся на ўзроўні «парламента». Уладзімір Кужанаў, намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД «палаты прадстаўнікоў», адзначыў: «Узбекістан не прымаў актыўнага ўдзелу ў дзейнасці АДКБ, таму ніякай страты не будзе».
Дададзім, што на працягу мінулага года Аляксандр Лукашэнка, які старшынстваваў тады ў Савеце калектыўнай бяспекі АДКБ, неаднаразова прапаноўваў разгледзець пытанне аб членстве Узбекістана ў гэтай арганізацыі. «Нам трэба прымаць рашэнні па Узбекістану, таму што трайная гульня, якую вядзе Узбекістан, не дазваляе яму знаходзіцца ў АДКБ», - заявіў Лукашэнка на сустрэчы з членамі савета Парламенцкай асамблеі АДКБ у кастрычніку 2011 года. Ён адзначыў тады, што Узбекістан не ратыфікаваў ніводнага істотнага дакумента ў рамках арганізацыі.
На першы погляд падаецца, што рашэнне Узбекістана аб прыпыненні свайго ўдзелу ў АДКБ толькі на руку цяперашняму кіраўніцтву Беларусі. Бо чым менш у Расеі саюзнікаў, тым больш важны для яе кожны з іх. І тым больш вялікія льготы і прэферэнцыі можна запытаць за выкананне сваіх саюзніцкіх абавязацельстваў. Асабліва ва ўмовах цяперашняга абвастрэння адносінаў Масквы і Вашынгтона з нагоды ПРА.
Але так выглядае карціна толькі ў першым набліжэнні. Не падлягае сумневу, што Масква паспрабуе запоўніць пустэчы ў сваёй сістэме забеспячэння бяспекі цэнтральнаазіяцкага рэгіёну за кошт іншых саюзнікаў. І не толькі за кошт абароннага патэнцыялу Казахстана. Хутчэй за ўсё, Расея будзе таксама настойваць на значным пашырэнні прысутнасці ў гэтых раёнах беларускіх сілавікоў і вайскоўцаў.
І ў Крэмля, трэба сказаць, сёння досыць эканамічных і палітычных рычагоў, каб зрабіць сваю просьбу максімальна пераканаўчай.