Суд адмовіўся нават разглядзець скаргі БНФ
6- 16.07.2012, 12:55
Гродзенскі абласны суд адмовіў Партыі БНФ у разглядзе скаргаў з нагоды фарміравання акруговых выбарчых камісій.
Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратар партыі Наталля Мотус.
Паводле яе слоў, 11 ліпеня ў абласны суд Гродна было пададзена 9 заяў аб неўключэнні прадстаўнікоў партыі ў склад акруговых выбарчых камісій. «Сёння ў судзе быў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. Аднак суд адмовіў у разглядзе скаргаў - нібыта дакументы падпісаны неправамоцнай асобай», - распавяла Мотус.
«Права прадстаўляць інтарэсы ў судзе Саранчукову было дадзена адпаведным рашэннем сойма Партыі БНФ ад 23 чэрвеня 2012 года. Рашэнне сойма было перададзена ў суд разам са скаргай, але суд не прыняў яго да ўвагі», - адзначыла прадстаўнік партыі.
Яна нагадала, што па Гродзенскай вобласці ні адзін прадстаўнік Партыі БНФ з дзевяці вылучаных не быў уключаны ў склад акруговых выбарчых камісій.
Таксама, паведаміла Мотус, 16 ліпеня павінны разглядацца аналагічныя скаргі Партыі БНФ у Магілёўскім і Менскім абласных судах. «Акрамя таго ў партыю павінна паступіць пісьмовае рашэнне Менскага гарадскога суда, які разглядаў аналагічныя скаргі 13 ліпеня. Аднак на пасяджэннях не прысутнічаў наш прадстаўнік, таму мы толькі сёння атрымаем афіцыйны адказ», - сказала Мотус.
Нагадаем, Партыя БНФ падала 30 скаргаў, якія датычацца адмовы ўключыць сяброў партыі ў акруговыя камісіі: 9 - у Магілёўскі абласны суд, 7 - у Менскі гарадскі суд, 5 - у Менскі абласны суд і 9 - у Гродзенскі абласны суд.
Партыя БНФ і грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэнне» вылучалі 57 сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі па Беларусі, прайшлі ў акруговыя камісіі толькі 12 з іх.