Чарговая рабаўніцкая ініцыятыва Тозіка
56- 17.07.2012, 13:39
Намеснік прэм'ер-міністра прапанаваў істотна павялічыць кошт навучання ў ВНУ і размяркоўваць студэнтаў на 4-м курсе.
Дзяржава больш не будзе датаваць платную адукацыю.
Пра гэта на калегіі Міністэрства адукацыі заявіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, піша газета «Знамя юности». Выданне нагадвае, што зараз студэнты-платнікі кампенсуюць толькі палову выдаткаў на іх навучанне. Так што платнай адукацыі ў поўным сэнсе гэтага слова ў нас няма.
Значнае павышэнне кошту навучання як следства адмены дзярждатацыі, безумоўна, адаб'ецца на колькасці студэнтаў, якія жадаюць вучыцца за ўласныя сродкі. На думку Тозіка, за колькасцю дыпломаў аб заканчэнні ВНУ Беларусь гнацца не павінна.
«Нам трэба перастаць ацэньваць працу школы па тым, колькі яе выпускнікоў паступіла ў ВНУ, - падкрэсліў ён, - бо чалавек можа стаць паспяховым, скончыўшы і ПТВ, і ССНУ, і ВНУ. Калі я вучыўся ў БНТУ, ва ўніверсітэце было 19 тыс. студэнтаў, зараз іх тут 30 тыс., і кіраўніцтва навучальнай установы запэўнівае мяне, што гэтага мала. А 25% выпускнікоў ВНУ не працуе па спецыяльнасці».
Адна з мер, якая дапаможа скараціць колькасць абітурыентаў ВНУ, - увядзенне ніжняй мяжы тэставага бала. Яно паставіла на ўваходзе ў ВНУ шлагбаўм перад самымі слабымі паступаючымі. З гэтага часу да ўдзелу ў конкурсе не дапусцяць тых абітурыентаў, якія набралі па любым прадмеце менш за сем балаў.
«Добра, што ўвялі гэту мяжу, - заўважыў Тозік, - хоць, па-мойму, чалавек, які набраў менш за 20 балаў, наогул не ў стане засвоіць ўніверсітэцкую праграму».
Для тых, хто ўсё ж паступіць у ВНУ, віцэ-прэм'ер прапанаваў перанесці тэрміны абавязковага размеркавання з канца пятага курса на чацвёрты. На яго думку, гэта будзе мэтазгодна, бо чым раней мы нацэлім студэнта на прафесійную дзейнасць, тым хутчэй ён у яе ўвальецца і зможа зарабляць.
Нагадаем, раней Тозік прапаноўваў зрабіць паліклінікі платнымі.