Шпіталізаваны Рыгор Барадулін
14- 19.07.2012, 15:10
У народнага паэта выявілі парушэнне рытму сэрца.
Яшчэ ў канцы мінулага тыдня паэта наведала доктар-тэрапеўт, якая западозрыла праблему. Па яе накірунку да паэту дадому прыехала брыгада з лечкамісіі, якая зрабіла кардыёграму і выявіла парушэнне рытму сэрца, перадае «Еўрарадыё».
Лекар настаяў на шпіталізацыі, хоць Рыгор Барадулін адмаўляўся - паэт вельмі не любіць шпіталі, у якіх у апошнія гады яму прыходзілася ляжаць не раз.
Першапачаткова гаварылася аб чатырох днях ў лякарні, але на месцы лекары прынялі рашэнне пакінуць паэта мінімум на два тыдні. Высветлілася, што арганізм Рыгора Барадуліна даволі слабы, каб адразу праводзіць гэтую працэдуру. Таму патрэбны час, каб падрыхтаваць пацыента.
Раней у 77-гадовага Рыгора Барадуліна ўжо ўзнікалі падобныя праблемы – у тыя разы дактарам атрымоўвалася паспяхова, пры дапамозе кропельніц, аднавіць нармальны рытм сэрца.