Беларусы сталі піць больш гарэлкі і піва
7- 19.07.2012, 17:16
Паводле звестак Белстата, у студзені - чэрвені 2012 года рэалізацыя гарэлкі павялічылася на 8,4% у параўнанні са студзенем - чэрвенем 2011 года.
Прададзена 5 млн 942,5 тыс. дал гарэлкі, яе доля ў агульным аб'ёме спажывання алкаголю склала 50,2% (у студзені - чэрвені 2011 года - 43,7%), паведамляе БелаПАН.
Доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб'ёме рознічнага тавараабароту ў студзені - чэрвені 2012 года склала 10,5%. На спажывецкім рынку рэалізавана алкагольных напояў і піва на 7,2 трлн рублёў.
Піва за шэсць месяцаў бягучага года прададзена 16 млн 351,4 тыс. дал, што на 0,2% больш за аналагічны леташні паказчык. Доля гэтага напою ў агульным аб'ёме спажывання алкаголю склала 13,8% (за студзень - чэрвень 2011-га - 13%).
Лікёра-гарэлачных вырабаў рэалізавана 990 тыс. дал (на 1,3% менш), вінаградных він - 1 млн. 479,8 тыс. дал (на 4% менш), пладовых він - 5 млн. 848,9 тыс. дал (на 29,5% менш). Пладовыя віна занялі 22,2% у аб'ёме продажу алкагольнай прадукцыі (у студзені - чэрвені 2011 года - 29,8%).
Каньяку і брэндзі прададзена 116,3 тыс. дал (на 31,6% менш), пеністых він і шампанскага - 687,9 тыс. дал (на 16,6% больш), слабаалкагольных напояў - 411,7 тыс. дал (на 7,6% менш).