9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс на мясе - у законе і па-за ім

27
Бізнэс на мясе - у законе і па-за ім

Камітэт дзяржкантролю спыніў злачынную дзейнасць арганізаванай групы, якая займалася незаконнай скупкай мяса ў насельніцтва Менскай вобласці.

Як паведамляе прэс-служба КДК, супрацоўнікі Салігорскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў вызначылі, што дзве жыхаркі Любанскага раёна сумесна з іншымі асобамі, «папярэдне аб'яднаўшыся ў кіраваную злачынную групу», скуплялі ў насельніцтва мяса буйной рагатай жывёлы, а ў наступным перапрадавалі яго за наяўны разлік сталічным прадпрымальнікам, а таксама ў Расейскую Федэрацыю.

Бізнес-лэдзі не мелі дзяржаўнай рэгістрацыі, якая дае права на ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці, а таму іх дзейнасць была незаконнай. Хоць знешне ўсё выглядала вельмі грунтоўна: жанчыны набылі адмысловае халадзільнае абсталяванне, аўтамабільную тэхніку, а таксама прыцягнулі наёмных работнікаў. Мяса яны скуплялі ў жыхароў Любанскага, Салігорскага, Жыткавіцкага і Глускага раёнаў.

У адносінах да жанчын Салігорскім міжраённым аддзелам фінансавых расследаванняў распачата крымінальная справа па ч. 3. арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі).

Паводле папярэдніх ацэнак, злачынная група дзейнічала на працягу 2010-2011 гадоў, атрымаўшы за гэты час незаконны даход у суме 139 млн. рублёў. Больш дакладныя дадзеныя паспрабуе высветліць следчы Упраўлення Следчага камітэта Менскай вобласці.

Відавочна, у гэтай чарговай мясной крымінальнай справе следства будзе ісці ад факту да факту, асабліва не цікавячыся прычынамі, якія заахвоцілі фігурантак заняцца незаконнай здабычай. Яны зразумелыя: выгадны бізнэс і нічога асабістага.

Верагодна, аналагічным чынам разважалі і прадстаўнікі іншага боку - зусім непатрыятычныя вяскоўцы, якія вырашчаную імі скаціну не палічылі патрэбным здаваць дзяржаўным мясакамбінатам. Тут, безумоўна, свая спецыфіка ўзаемаадносін паміж зацікаўленымі альбо незацікаўленымі ў супрацоўніцтве бакамі, але карціна вымалёўваецца неадназначная.

Штомесяц Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання публікуе справаздачы па выдадзеных дазволах на ўвоз у краіну падкантрольных тавараў. У гэтым спісе тавараў, якія прадаюцца не за беларускія рублі, а выключна за валюту, даволі шырокая пазіцыя мясной сыравіны, якая закупляецца беларускімі вытворцамі тысячамі тон з усіх канцоў свету: ад Польшчы да ЗША.

Навошта? На гэтае пытанне Naviny.by знайшлі адказ на сайце барысаўскай газеты «Адзінства». Аддзел маркетынгу ААТ «Барысаўскі мясакамбінат» паведамляе:

«На сённяшні дзень ААТ «Барысаўскі мясакамбінат» перыядычна ажыццяўляе закупкі невялікіх партый імпартнай мясной сыравіны (свініны) ад годных еўрапейскіх пастаўшчыкоў. Аб'ёмы закупак свініны з Еўропы невялікія, усяго каля 10% ад агульнага аб'ёму. З якой мэтай гэта робіцца? Усё вельмі проста: сёння ўзровень коштаў на імпартную свініну на 25% ніжэй, чым на айчынную, нават з улікам выплаты мытных плацяжоў! За кошт закупак невялікіх партый імпартнага мяса з'яўляецца магчымасць трохі стрымліваць рост коштаў, выпрацоўваць асартымент недарагой прадукцыі».

Калі перавесці на мову зусім зразумелую, то атрымліваецца, што імпартным мясам вытворца проста разбаўляе айчыннае, каб хоць неяк знізіць сабекошт і не адбіць спажыўцу жаданне есці каўбасу і іншы нібыта айчынны прадукт. У адваротным выпадку беларуская каўбаса была б яшчэ даражэй.

Пры такім становішчы рэчаў аб гучных і не вельмі крымінальных мясных справах мы яшчэ не раз пачуем. І будуць яны падобны на біццё па хвастах ні ў чым невінаватай скаціны.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках