Мінспорта: Інфармацыя пра байкот Беларуссю Алімпіяды - поўная лухта
22- 26.07.2012, 9:42
Адсутнасць дыктатара ў Лондане не стане прычынай байкоту гульняў беларускімі спартсменамі.
Інфармацыя аб магчымым байкоце беларускімі спартсменамі летняй Алімпіяды з-за забароны на ўезд у Велікабрытанію Аляксандру Лукашэнку з'яўляецца «поўнай лухтой», заявіў прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч, перадае БелаПАН.
«Тут, у Алімпійскай вёсцы, ніхто не звяртае ўвагі на знешнія раздражняльнікі, якія зыходзяць ад СМІ і Інтэрнэту, - сказаў прадстаўнік Мінспорту. - Працягваецца планамерная работа па падрыхтоўцы да ўдзелу ў Гульнях. Сёння (25 ліпеня) у аэрапорце «Гатвік» мы сустрэлі вялікую групу нашых спартсменаў. Цалкам няма жадання марнаваць энергію на нейкія рэчы, якія не маюць адносін да галоўнага».
Аб магчымым дэмаршы беларускіх спартсменаў паведамілі 25 ліпеня розныя інтэрнэт-рэсурсы. «Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку адмоўлена ў выдачы алімпійскай акрэдытацыі. Беларускія спартсмены могуць зняцца з Алімпіяды ў Лондане. Дыпламатычныя кругі лічаць, што такім чынам Лондан «публічна дэманструе нянавісць да Лукашэнкі», а тое, што адбываецца з'яўляецца «адгалоскамі палітычных войнаў», - напісала, у прыватнасці , Газета.ру.