Independent: Хопіць лабіраваць д'ябальскіх дыктатараў
24- 26.07.2012, 18:10
Камітэт брытанскага парламента расследуе дзейнасць Bell Pottinger Group.
Брытанскі бізнэсмэн і яго узбекскі калега маюць мала агульнага, але працуюць разам. На самой справе, яны - журналісты з Бюро журналісцкіх даследаванняў у Лондане. Для падрыхтоўкі матэрыялу яны прыкінулася патэнцыяльнымі кліентамі PR-кампаніі, піша брытанская газета Independent (пераклад - charter97.org).
Па «легендзе», яны працавалі ў Azimov Group і прадстаўлялі інтарэсы ўзбекскага ўрада - дыктатарскага рэжыму, вядомага забойствамі, парушэннем праў чалавека і выкарыстаннем дзіцячай працы. Таксама яны прадстаўлялі інтарэсы узбекскай баваўнянай індустрыі, якая хацела прабіцца на заходнія рынкі.
Хто, як не брытанскія лабісты, змог бы ім дапамагчы ў гэтым?
Прадстаўнікі Azimov Group «мелі патрэбу» у дапамозе вышэйшага ўзроўню для таго, каб зняць забароны, уведзеныя Еўрапейскім Звязам супраць узбекскай дыктатуры. Было зразумела, што перад тымі, да каго яны звярталіся, стаяла сур'ёзная задача - «адмыць» імідж брутальнага рэжыму.
Ім ўзялася дапамагчы фірма Bell Pottinger, якой кіруе лорд Цімаці Бэл. Ён прапанаваў нават больш, чым тое, што ў яго прасілі.
Гэтая інфармацыя, апублікаваная ў Independent раней, праліла святло на механізмы міжнароднага лабіравання і адмывання грошай. Было вырашана правесці расследаванне працы Bell Pottinger Group і іншых кампаній, замяшаных у сувязях з сумніўнымі рэжымамі.
Вынікі даследавання пераўзышлі чаканні.
У палітычных колах Bell Pottinger Group вядомая сваімі цеснымі сувязямі з брытанскімі кансерватарамі. Кампанія працавала з шэрагам высокапастаўленых членаў партыі і мае добрыя кантакты ў вышэйшых эшалонах ўрада краіны. Падчас сустрэч з кіраўніцтвам фірмы Цімаці Бэл казаў пра гэтыя сувязі і пра тое, як іх можна выкарыстоўваць для дапамогі таму ж узбекскаму рэжыму.
На двух таемных сустрэчах у Лондане прадстаўнікі Bell Pottinger Group далі зразумець падстаўным кліентам, што кіраўніцтву Узбекістана не перашкодзіла б правесці пэўныя рэформы, аднак, іх адсутнасць не з'яўляецца непераадольным бар'ерам. Пры гэтым, у якасці аргументаў прыводзілася праца кампаніі з падобнымі рэжымамі ў Беларусі і Шры-Ланке і свабоднае перамяшчэнне яе кіраўніцтва ва ўладных калідорах.
Дэвід Уілсан, адзін з мэнэджараў Bell Pottinger казаў пра тое, што кампанія з'яўляецца найбольш магутнай PR-арганізацыяй Брытаніі. На пытанне аб магчымасці арганізацыі сустрэчы кіраўніка Узбекістана з Дэвідам Кэмеранам, прэм'ер-міністрам Велікабрытаніі ў абыход Міністэрства замежных спраў, ён сказаў, што «гэтаму можна паспрыяць».
Падчас сустрэчы ён таксама сказаў, што ў кампаніі ёсць механізмы для публікацыі патрэбных артыкулаў у Вікіпедыі і для маніпуляцый у пошукавіку Google. «Мы валодаем усімі відамі «цёмных мастацтваў», - дадаў Цім Колінз, іншы менеджэр кампаніі.
Уілсан тады распавёў і аб працы кампаніі ў Беларусі, улады якой шырока вядомыя сваёй палітыкай па парушэнню праў чалавека
«Нас фінансаваў, скажам так, багаты дабрадзей, які меў ключавыя інтарэсы ў Беларусі», - сказаў ён. Сам лорд Бэл потым спрабаваў абвергнуць яго словы.
Расследаванне праліло святло на цёмны бок працы лабістаў, у першую чаргу на тое, што яны гатовыя прапанаваць сваім кліентам за зачыненымі дзвярыма.
У кароткатэрміновай перспектыве яно паказвае, чым можа абярнуцца спакуса заключэння падобных кантрактаў. Таксама расследаванне прывяло да абмеркавання ідэі аб стварэнні «рэестра лабістаў». Ён павінен ўключаць у сябе не толькі пералік патэнцыйных лабістаў, але і вобласці палітыкі і ўрадавыя структуры, на якія яны могуць паспрабаваць паўплываць.
Нядаўна парламенцкі камітэт, які расследуе здабытыя журналістамі звесткі аб Bell Pottinger, заклікаў палітыкаў рэгістраваць усе свае сустрэчы з лабістамі, на якіх абмяркоўваюцца інтарэсы кліентаў. Цяперашнія сустрэчы за зачыненымі дзвярыма непрымальныя, упэўненыя ў камітэце.