Расейскага фізіка Ажароўскага дэпартавалі з Беларусі
33- 28.07.2012, 12:55
Андрэю Ажароўскаму забаронены ўезд у Беларусь на тэрмін 10 гадоў.
Апавяшчэнне аб высылцы падпісана часова выконваючым абавязкі начальніка РАУСа Маскоўскага раёна. У гэтым дакуменце пазначана, што разгляд пытання аб дэпартацыі будзе адбывацца ў ЦІП Маскоўскага раёна каля 8 гадзін раніцы і Ажароўскі можа прысутнічаць на дадзеным разглядзе. Аднак пытанне аб дэпартацыі было разгледжана без Ажароўскага, паколькі яго ўжо пасадзілі ў цягнік і адправілі ў Смаленск.
Маскоўскі РАУС вырашыў гэта пытанне ў пазасудовым парадку, на той падставе, што Ажароўскі быў асуджаны за дробнае хуліганства. Гэта адбылося, нягледзячы на тое, што, у адпаведнасці з заканадаўствам, пастанова аб адміністрацыйным арышце яшчэ не ўступіла ў сілу, так як была абскарджана ў пяцідзённы тэрмін. Касацыйная скарга на пастанову суда аб адміністрацыйным арышце Ажароўскага будзе разглядацца ў гэты панядзелак Менскім гарадскім судом.
Усё, што адбываецца Ажароўскі расцэньвае як правакацыю улад, накіраваную не толькі супраць яго асабіста, але супраць усяго антыядзернага руху Беларусі.
«У прыхільнікаў АЭС у Беларусі не засталося іншых аргументаў акрамя хлусні і правакацый!», - кажа ён. - «Прыхільнікі беларускай АЭС баяцца адкрытай дыскусіі, звяртаюцца да запалохванняў, рэпрэсій. Яны пазбягаюць абмеркавання пытання па сутнасці, не знаходзяць, што адказаць на нашу крытыку. Гэта кажа толькі аб тым, што яны не правы!»
Гэта не першы выпадак, калі ўлады ў Беларусі звяртаюцца да запалохванняў і рэпрэсій у дачыненні да людзей, якія змагаюцца з небяспечным будаўніцтвам беларускай АЭС, лічыць Ажароўскі. У свой час за пазіцыю супраць Астравецкай АЭС з працы быў звольнены дырэктар ландшафтнага заказніка Ігар Пастухоў, не аднаразова падвяргаўся судоваму пераследу і ператрусам Мікалай Уласевіч, жыхар вёскі Варняны пад Астраўцом, не так даўно быў затрыманы вучоны, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін.
«У маёй сітуацыі дзеянні ўлад выглядаюць яшчэ больш абсурднымі - уявіце, грамадзяніна Расейскай Федэрацыі, затрымліваюць спецназаўцы, арыштоўваюць па ілжывым абвінавачванні, а затым высылаюць з Беларусі толькі за тое, што ён ішоў у амбасаду сваёй краіны!», - каментуе Ажароўскі.
Нагадаем, гэта другі арышт Андрэя Ажароўскага ў Беларусі, звязаны з яго крытыкай праекту беларускай АЭС. Упершыню ён быў арыштаваны ў Астраўцы за спробу ўвайсці ў залу грамадскіх слуханняў з матэрыяламі крытыкі Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, адным з аўтараў якой ён з'яўляўся.