Тоні Лойд: Дзеянні Лукашэнкі абражаюць Беларусь
12- 6.07.2012, 14:51
Аўтар праекта рэзалюцыі ПА АБСЕ адказаў на абвінавачванні беларускіх улад.
У Манака працягваецца рабочая сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. На парадку дня - жорсткі праект рэзалюцыі па Беларусі, прапанаваны брытанскім дэпутатам Тоні Лойдам.
У ім змяшчаецца заклік да беларускіх улад спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітычных зняволеных і да Міжнароднай хакейнай федэрацыі перанесці чэмпіянат 2014 года ў іншую краіну, калі гэтага не адбудзецца, нагадвае «Еўрарадыё».
Беларуская дэлегацыя праект рэзалюцыі назвала «тэндэнцыйным» і «правакацыйным». Віктар Гумінскі, які дадаткова унёс на абмеркаванне Парламенцкай асамблеі рэзалюцыю аб развіцці альтэрнатыўных відаў энергетыкі, прадставіў на дэбатах афіцыйную пазіцыю.
Тоні Лойд у сваім выступе на сесіі ПА АБСЕ адхіліў абвінавачванні беларускай дэлегацыі.
«Калі гэта і правакацыя, то правакацыя Лукашэнкі і беларускіх улад. І накіравана яна супраць беларускага народа. Іх дзеянні - гэта абраза ў адносінах да той Беларусі, якой яна можа стаць. Беларусі, якая павінна даваць людзям надзею на будучыню, на тое, што яна стане дэмакратычнай, стабільнай, прагрэсіўнай краінай», - сказаў ён.
Брытанскі дэпутат патлумачыў, чаму лічыць перанос Чэмпіянату з Беларусі мэтазгодным.
«Гэта сігнал не для простых беларусаў - іх вітаюць ў Еўропе. Але беларускія ўлады расцэняць правядзенне Чэмпіянату як узнагароду Лукашэнку і палітычнаму рэжыму. Правядзенне спаборніцтва паслала б людзям няправільны сігнал аб тым, што мы не спрабуем спыніць рэпрэсіі ў краіне», адзначыў дэпутат.
Сааўтарамі рэзалюцыі сталі больш за 60 дэпутатаў з 21 краіны АБСЕ, галасаванне чакаецца 8 ліпеня. Раней падобныя рэзалюцыі прынялі Еўрапейскі парламент і Кангрэс ЗША.