Літоўская Генпракуратура атрымала запыт Беларусі
15- 10.08.2012, 11:18
Літоўская генеральная пракуратура 9 жніўня атрымала просьбу Беларусі аб прававой дапамозе ў расследаванні магчымага парушэння паветранай мяжы дзяржавы 4 ліпеня.
«Так, паступіла просьба. Збіраем некаторыя дадзеныя, затым будзем вырашаць пытанне аказання прававой дапамогі», - сказаў у чацвер BNS па тэлефоне генпракурор Дарус Валіс, перадае ru.DELFI.
Беларускія афіцыйныя ведамствы 8 жніўня паведамілі, што звярнуліся да Літвы і Швецыі з просьбай аб аказанні прававой дапамогі ў расследаванні магчымага парушэння мяжы.
Беларускія праваахоўныя органы зыходзяць з таго, што ў выніку несанкцыянаванага палёту шведскіх падданых былі парушаныя правілы выкарыстання паветранай прасторы не толькі Беларусі, але і Швецыі, Літвы, блока НАТА.
Акрамя таго, беларускі бок настойвае на прыбыцці ў Менск шведскіх арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі, што неабходна для аб'ектыўнага расследавання справы, паколькі вочная стаўка па тэлевізары нерэальная.
Камітэтам дзяржбяспекі ўзбуджана і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 КК, па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Швецыі на лёгкаматорным самалёце. Затрыманыя двое грамадзян Беларусі, якіх падазраюць у аказанні дапамогі шведам.
Шведскія актывісты паведамілі, што ў ліпені гэтага года яны незаконна патрапілі на тэрыторыю паветранай прасторы Беларусі і скінулі сотні плюшавых мішак на парашутах, да якіх былі прымацаваныя запіскі, якія агітуюць за свабоду слова і правы чалавека. Беларускі бок спачатку катэгарычна абверг гэтае паведамленне.
Аднак менш чым праз месяц Аляксандр Лукашэнка звольніў камандуючых ВПС і службы памежаховы краіны.
Гэты інцыдэнт перарос у дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Швецыяй. Менск 8 жніўня заявіў, што адклікае сваіх дыпламатаў са Швецыі і загадаў Стакгольму вывесці з Беларусі сваіх дыпламатаў.
Міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне 9 жніўня заявіла, што Літва не мае ніякіх дадзеных пра інцыдэнт, звязаны з «плюшавымі мішкамі» у Беларусі, а просьба Менска аб аказанні прававой дапамогі будзе разглядацца ў адпаведнасці з дзеючымі законамі.