«Белнафтахім» хоча адпусціць кошты на бензін
83- 13.08.2012, 8:38
Пры дзеючых тарыфах на энергетыку для шэрагу хімічных арганізацый на парадку дня стаіць пытанне не развіцця, а выжывання.
Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Жылін заявіў, што для выжывання нафтахімічнай галіны неабходна адмяніць дэклараванне коштаў і даць права арганізацыям рэалізоўваць прадукцыю на любых рынках, зыходзячы з эфектыўнасці продажаў, піша «Ежедневник».
Заява была зроблена падчас пасяджэння Прэзідыума Савета міністраў, якое прайшло на мінулым тыдні. Але на пасяджэнні казалі так многа, што дадзеная заява праскочыла міма вушэй СМІ. Між тым, пазіцыя канцэрна «Белнафтахім», якая пачала актыўна лабіравацца ў Саўміне, можа сур'ёзна адгукнуцца не толькі для беларускага бізнэсу, але і для кожнага з жыхароў краіны.
Як заявіў Ігар Жылін, для актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці і паскарэння інавацыйнага развіцця нафтахімічнага комплексу, які з'яўляецца энэргаёмістым, неабходна ў першую чаргу вырашыць пытанне ўстанаўлення канкурэнтаздольных у АЭП тарыфаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы.
На думку старшыні канцэрна «Белнафтахім», «пры дзеючым у Беларусі ўзроўні тарыфа на энергетыку для шэрагу хімічных арганізацый, перш за ўсё валаконных, на парадку дня стаіць пытанне не развіцця, а выжывання».
Акрамя таго, для беларускай нафцянкі, лічыць Ігар Жылін, «неабходна адмяніць дэклараванне коштаў і даць права арганізацыям рэалізоўваць прадукцыю на любых рынках, зыходзячы з эфектыўнасці продажаў».
«Ва ўмовах дыспарытэту ўнутраных і знешніх коштаў планы па выхаду на сярэднееўрапейскі ўзровень прадукцыйнасці працы могуць так і застацца планамі», - заявіў старшыня канцэрна.
Нагадаем, што ў цяперашні час урад жорстка рэгулюе ўнутраныя кошты на прадукты нафтаперапрацоўкі, і ў першую чаргу гэта датычыцца коштаў на паліва. «Белнафтахім» ужо неяк спрабаваў адпусціць кошты і выклікаў сур'ёзныя пратэстныя настроі ў беларускім грамадстве і, як следства, гнеў Лукашэнкі. Ён заявіў, што нічога не ведаў пра коштавае бязмежжа канцэрна і ў загадным парадку распарадзіўся вярнуць кошты не ранейшы ўзровень.
Цяпер «Белнафтахім», падобна, падрыхтоўвае глебу для новай спробы адпусціць кошты на ўнутраным рынку, якія вельмі сур'ёзна перашкаджаюць нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам нармальна развівацца. Аб рэакцыі кіраўніка ўрада і прэзідэнта пакуль нічога не вядома. Але ўлічваючы, што больш прымальнымі коштамі на энергарэсурсы яны нафтахіміі дапамагчы не могуць, то цалкам могуць і пагадзіцца на новае павышэнне коштаў на прадукты перапрацоўкі беларускай нафцянкі.