У Слуцку ідэолаг нацкаваў на зборшчыкаў подпісаў міліцыю
15- 13.08.2012, 9:17
Пікет па збору подпісаў выклікаў нечаканую рэакцыю намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі.
На пікеце, які праходзіў каля ўнівермага «Слуцк» збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатам у «дэпутаты» актывіста «Гавары праўду» Аляксандра Солапа. Як распавяла кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Юлія Балакірава, каля 12.30 да яе падышла жанчына, якая схапіла стэнд з інфармацыяй і аднесла яго ў бок. «Каб на маёй тэрыторыі гэта не стаяла», - заявіла дама, якая, відавочна, прадстаўляла адміністрацыю крамы, паведамляе ПЦ «Вясна».
«Я растлумачыла ёй, што закон не парушаю, і прапанавала вырашыць канфлікт з дапамогай міліцыі», - кажа Юлія Балакірава.
Незнаёмка сышла, а праз некалькі хвілін на яе месцы з'явілася намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі Ларыса Дабравольская. Яна ўважліва разгледзела стэнд, адышла ў бок і кудысьці патэлефанавала.
Неўзабаве да Юліі Балакіравай падышоў мужчына ў цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам Слуцкага РАУС, але пасведчанне не паказаў.
Затое ён папрасіў прад'явіць дакументы Юлію. Акрамя таго, таварыша ў цывільным цікавілі падпісныя лісты.
«Пакажыце іх мне, я хачу праверыць, ці ёсць у вас там «мёртвыя душы», - сказаў ён.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы патлумачыла, што гэтым павінен займацца не міліцыянт, а акруговая камісія.
«Потым ён запатрабаваў убраць са стэнда герб Слуцка. З яго слоў, па рашэнні райвыканкама прэтэндэнт у кандыдаты не мае права яго выкарыстоўваць. «Я цябе папярэдзіў», - з гэтымі словамі міліцыянт сышоў.