Някляеў: Людзі не пойдуць на выбарчыя ўчасткі
25- 13.08.2012, 17:16
Людзі не пойдуць на выбарчыя ўчасткі, таму што не вераць, што «выбарамі» можна нешта змяніць.
Пра гэта 13 жніўня ў Менску на імправізаванай прэс-канферэнцыі падчас апошняга пікету па збору подпісаў за вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў у «дэпутаты», якіх падтрымлівае кампанія «Гавары праўду!», заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты, лідэр кампаніі Уладзімір Някляеў, перадае БелаПАН.
«Перш за ўсё, нягледзячы на вельмі неспрыяльныя ўмовы, мы сабралі неабходныя подпісы - больш за 40 тысяч подпісаў за 25 кандыдатаў, - паведаміў палітык. - Самы, мабыць, яскравы прыклад гэтай кампаніі - абыякавасць людзей да таго, што адбываецца. Пасіўнасць жудасная! Адкрываюць дзверы : «Вам чаго?» Прычым, думаюць, дарэчы, што гэта - ніякая не апазіцыя, што гэта прыйшлі з райвыканкама казаць ім, каб ішлі на «выбары» і галасавалі за іх кандыдатаў. І толькі калі даведаюцца, што гэта хтосьці не ад улады, пачынаецца размова. Яны падпісваюцца і пытаюцца ўслед: «А што, можа, нешта будзе?»
«Пры ўсіх надзеях апазіцыі на тое, што пад ціскам або Еўразвяза, або нейкіх іншых адносін у сувязі з уступленнем Расеі ў СГА нешта зменіцца і Лукашэнка будзе вымушаны пайсці на тое, каб прапусціць каго-небудзь з апазіцыі ў «парламент» , - я ў гэта не веру», - заявіў Някляеў.