За год тарыфы на пасажырскім транспарце выраслі да 120%
12- 15.08.2012, 15:44
За год кошт праезду пасажырскім транспартам павялічыўся ад 3,3 да 120%.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Так, за студзень-ліпень 2012 года па параўнанні з такім жа перыядам 2011 года кошт праезду пасажыраў чыгуначным транспартам у міжнародных зносінах узрос у 2,2 разы (на 120%), у прыгарадным - на 8,4%, у рэспубліканскім - на 3,3%. Кошт праезду аўтамабілем-таксі павялічыўся ў 2,1 разы, аўтобусам прыгарадных зносін - у 2,1 разы, аўтобусам міжгародных зносін - у 2 разы, паветраным транспартам - у 1,8 разы (на 80%), гарадскім транспартам - таксама ў 1,8 раза.
У ліпені ў параўнанні з чэрвенем кошт праезду пасажыраў цягніком міжнародных зносін павялічыўся на 5,1%, аўтамабілем-таксі - на 2,2%, аўтобусам міжгародных зносін - на 1,5%, паветраным транспартам - знізіўся на 3,4%. Кошт праезду пасажыраў цягніком рэспубліканскіх зносін павялічыўся на 18,9%, цягніком прыгарадных зносін - на 20%, аўтобусам прыгарадных зносін, гарадскім транспартам - застаўся без зменаў.
Паводле звестак Белстата, у студзені-ліпені 2012 года ўсімі відамі транспарту перавезена 906,4 млн. чалавек, што на 3,4% больш, чым у студзені-ліпені 2011 года. Перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам павялічыліся на 16%, паветраным транспартам - на 19,3%, аўтобусамі - на 2,6%.
Перавозкі пасажыраў транспартам індывідуальных прадпрымальнікаў у рэгулярных аўтобусных зносінах у студзені-ліпені 2012 года склалі 2,3% аб'ёму перавозак пасажыраў, выкананых аўтобусамі, пасажыраабарот - 2%.