Менчукоў зноў гоняць на суботнік
20- 20.08.2012, 12:49
Да добраўпарадкавання новых станцый менскага метро будуць прыцягваць гараджан.
Арганізаваць суботнікі на аб'ектах даручыў старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька сёння на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме, перадае БелТА.
У працах ужо задзейнічаны супрацоўнікі «Менсктранса», КУП «Менскі метрапалітэн», Менскага аддзялення Беларускай чыгункі. Плануецца падключыць навучэнцаў навучальных устаноў, працоўныя калектывы прадпрыемстваў горада, грамадскасць. «Неабходна распрацаваць графікі работ, забяспечыць усіх сродкамі абароны і інвентаром», - сказаў старшыня Менгарвыканкама, дадаўшы, што суботнікі павінны праводзіцца рэгулярна да ўводу ў эксплуатацыю новых станцый.
Як адзначыў начальнік КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэна» Павел Царун, пробны пропуск цягніка па тром новым станцыям Маскоўскай (першай) лініі Менскага метрапалітэна («Пятроўшчына», «Міхалава», «Грушаўка») плануецца ажыццявіць у верасні, затым спецыялістам трэба адладзіць абсталяванне і сістэмы забеспячэння бяспекі.
«Будаўнічая гатоўнасць станцый «Пятроўшчына» і «Грушаўка» як па асноўных канструкцыях, так і па аздабленні досыць высокая. Ёсць некаторае адставанне па станцыі «Міхалава», тут павялічана колькасць будаўнікоў», - сказаў Павел Царун.
На наступны год намечаны ўвод у эксплуатацыю станцыі «Малінаўка», на гэтыя мэты ў гарадскім бюджэце зарэзервавана Br575 млрд.
Падрыхтоўчыя працы па будаўніцтве новага ўчастка метро ад станцыі «Інстытут культуры» да станцыі «Пятроўшчына» пачаліся ў 2005 годзе. Яго працягласць складае 5,2 км. Участак уключае тры станцыі: «Грушаўка», «Міхалава» і «Пятроўшчына». Усе яны стануць працягам Маскоўскай лініі метро ў бок Паўднёвага Захаду і размешчаныя па праспекце Дзяржынскага: «Грушаўка» - на скрыжаванні з вуліцай Шчорса, «Міхалава» - з вуліцай Гурскага, «Пятроўшчына» - з вуліцай Голубева.
Сёння ў сталічнай падземцы функцыянуюць дзве лініі агульнай працягласцю больш за 33 км з 25 станцыямі. Маскоўская лінія - першая лінія Менскага метрапалітэна, яе даўжыня - 12,2 км. Лінія перасякае Менск з паўночна-усходу на паўднёва-захад і амаль цалкам праходзіць пад галоўнай магістраллю горада - праспектам Незалежнасці. Аўтазаводская лінія - другая лінія метро, яе даўжыня - 18,1 км. Лінія перасякае сталіцу з паўднёва-усходу на захад.