Суды над чыноўнікамі хочуць правесці «па-ціхаму»
8- 22.08.2012, 12:03
Справы Леаніда Кавалёва і Глеба Бедрыцкага па-ранейшаму трымаюцца пад сакрэтам.
1 жніўня дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што крымінальная справа супраць экс-начальніка сакратарыяту «савета рэспублікі» Глеба Бедрыцкага будзе разгледжана ў Менскім гарадскім судзе, і цытавала словы прадстаўніка Вярхоўнага суда: «Матэрыялы справы будуць перададзены ў гарадскі суд сёння».
Прайшло тры тыдні. Журналісты патэлефанавалі ў суд, каб даведацца пра дату пачатку працэсу. У сектары па крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях жаночы голас просіць назваць прозвішча абвінавачанага, піша «Наша Нiва».
Разам з Бедрыцкім журналісты назвалі і Леаніда Кавалёва, экс-намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. У справе апошняга быў шматмесячны перапынак. Пасля непрацяглага ўдакладнення ў кагосьці ў кабінеце (у трубцы было чуваць толькі шаптанне) адказалі:
«Па дадзеных справах у нас звестак няма».
Як гэта няма? Можна было б меркаваць, што справу Бедрыцкага вярнулі на дадатковае расследаванне. Або проста не прызначылі яшчэ дату (месяц жа адводзіцца на гэта). Але Кавалёў. Пры ранейшых абаротах у гэтым жа сектары адказвалі, што «справа не аднавілася» або «суддзя ў адпачынку». А цяпер «няма дадзеных».
Павышаная ўвага да справы Леаніда Кавалёва з боку журналістаў, а разам з ім і да іншых высокіх функцыянераў, мабыць, не ўсім падабаецца. І нельга выключаць, што журналістаў могуць не дапусціць на працэсы, нават гарантуючы іх адкрытасць. Як і тое, што суды цяпер спакойна праходзяць.
Між тым, затрыманне Кавалёва, аб якім загаварылі год назад, так афіцыйна ні адно сілавое ведамства не пацвердзіла.
І невядома, за што ж сапраўды яго судзяць.
Бедрыцкі жа абвінавачваецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і ў злоўжыванні службовым становішчам, затрыманы ў кастрычніку 2011 года.