Леанід Злотнікаў: Лепш для Беларусі не стане
15- 22.08.2012, 16:24
З-за ўступлення Расеі ў СГА беларускія тавары пацесняць з расейскага рынку.
Эканаміст Леанід Злотнікаў распавёў сайту charter97.org, якія наступствы чакаюць Беларусь з-за ўступлення Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).
«Самае галоўнае гэта тое, што беларуская эканоміка менш канкурэнтаздольная, чым эканоміка Расеі ці Казахстана. І падаткі ў нас вышэй і ўмовы для гаспадарак горш. Напрыклад, індывідуальныя прадпрымальнікі могуць наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. У Расеі і Казахстане такіх абмежаванняў няма. З-за ўсяго гэтага наша прадукцыя будзе выцясняцца з расейскага рынку. Не адразу, але на працягу 2-3 гадоў яе выцесняць замежныя тавары», - сказаў Леанід Злотнікаў.
«Таксама гэта накладваецца на тое, што мы знаходзімся ў Мытным саюзе. А ў ім не павінна быць ніякіх перашкодаў для руху капіталу, рабочай сілы і тавараў. А значыць, будзе яшчэ большы адток рабочых у Расею, чым цяпер. Зараз таксама стала прасцей пераносіць вытворчасць у Расею - значыць, туды павялічыцца і перанос вытворчасці», - лічыць эканаміст.
«Лепш для Беларусі не стане. Калі расейскі рынак быў больш закрытым для іншых краін, наша прадукцыя была ў выйгрышы. А цяпер яе пацесняць больш танныя тавары», - упэўнены Леанід Злотнікаў.
Нагадаем, Расейская Федэрацыя ў сераду, 22 жніўня, афіцыйна стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Такім чынам, Расея стала 156-м членам СГА.