9 чэрвеня 2026, aўторак, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Місіі БДІПЧ АБСЕ далі офіс у гасцініцы «Юбілейная»

5
Місіі БДІПЧ АБСЕ далі офіс у гасцініцы «Юбілейная»

Назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ атрымалася вырашыць пытанне з размяшчэннем свайго офіса ў Менску.

Як паведаміла БелаПАН спецыяліст місіі па СМІ Франчэска Баджэры, офіс размясціўся ў гасцініцы «Юбілейная» на 7-м паверсе.

Нагадаем, на прэс-канферэнцыі 22 жніўня ў Менску кіраўнік назіральнай місіі Антоніа Мілашоскі адзначыў, што місіі пакуль не ўдалося атрымаць месца пад офіс. «Мы ўжо паведамілі пра гэта ў МЗС і ЦВК. Я нядаўна гаварыў па тэлефоне з новым міністрам замежных спраў (Уладзімірам Макеем. - БелаПАН.), і ён паабяцаў, што МЗС зробіць усё магчымае для вырашэння гэтага пытання», - сказаў Мілашоскі.

Франчэска Баджэры таксама паведаміла, што ў Менск ужо пачалі прыбываць доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ. «Некаторыя ўжо тут, некаторыя яшчэ прыедуць сёння на працягу дня. Сёння ў нас дзень прыбыцця», - сказала яна.

БДІПЧ АБСЕ накіравала ў Беларусь 36 доўгатэрміновых назіральнікаў за «парламенцкімі выбарамі», якія адбудуцца 23 верасня.

Акрамя таго, за ходам «выбараў» у беларускі «парламент» будуць сачыць 270 кароткатэрміновых назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ, якія будуць разгорнутыя непасрэдна перад «выбарамі» па ўсёй краіне ў камандах па два чалавекі для маніторынгу адкрыцця выбарчых участкаў, галасавання, падліку галасоў і падвядзення вынікаў.

Раней паведамлялася, што 21 жніўня ў Менску ўжо пачала працу асноўная каманда назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ, якая складаецца з 11 супрацоўнікаў, якія прадстаўляюць 8 дзяржаў-удзельніц АБСЕ.

«Місія назіральнікаў будзе ацэньваць гэтыя «выбары» на прадмет іх адпаведнасці абавязальніцтвам АБСЕ і іншым міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама нацыянальнаму заканадаўству. Назіральнікі будуць сачыць за агітацыйнай дзейнасцю, працай выбарчай адміністрацыі і адпаведных дзяржаўных устаноў, ажыццяўленнем заканадаўчай базы, і рашэннем выбарчых спрэчак. У рамках назірання, назіральнікі будуць весці комплексны маніторынг сродкаў масавай інфармацыі», - сказана на сайце БДІПЧ АБСЕ.

Пасля «выбараў» БДІПЧ зробіць заяву аб папярэдніх высновах і заключэннях на прэс-канферэнцыі. Канчатковая справаздача аб назіранні за ўвесь выбарчы працэс будзе апублікавана прыкладна праз восем тыдняў пасля завяршэння назіральнай місіі.

На 110 дэпутацкіх месцаў у «палаце прадстаўнікоў» прэтэндуюць 363 зарэгістраваных кандыдата. Беларускі Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі 124 прэтэндэнтам, яшчэ сямёра самі адмовіліся працягнуць свой удзел у выбарчай кампаніі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках