Мінадукацыі прапаноўвае павялічыць навучальны год у школах
85- 24.08.2012, 15:31
Колькасць урокаў у беларускіх школах можа вырасці.
Такая магчымасць абмяркоўвалася сёння ў Менску на педагагічнай канферэнцыі, паведамляе БелТА.
«Вынікі правядзення цэнтралізаванага тэставання паказваюць, што нашым вучням адназначна не хапае яшчэ аднаго урока ў тыдзень па такіх прадметах, як, напрыклад, фізіка. На жаль, у гэтым аспекце мы прайграем Расеі, а значыць, гэтую сітуацыю неабходна тэрмінова выпраўляць», - сказаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Паводле яго слоў, у ведамстве абмяркоўваюцца таксама варыянты павелічэння навучальнага года, каб за кошт новых гадзін дапоўніць адукацыйны працэс урокамі фізікі, матэматыкі, іншых прадметаў.
Як паведамлялася, па выніках ЦТ сярод выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў у 2012 годзе сярэдні бал па рускай мове склаў 40,3, па беларускай - 37,4, па фізіцы - 24,9, па матэматыцы - 33,3, па хіміі - 42,3, па англійскай мове - 41,7. У працэнтных адносінах выпускнікоў, якія атрымалі балы вышэй за сярэдні, горад Менск першы ў рэйтынгу па фізіцы (50,8 бала), беларускай мове (53,3), хіміі (59,9).