Алег Волчак: Навучанне сілавікоў разгону дэманстрацый недапушчальна
3- 27.08.2012, 12:33
Супрацоўніцтва з беларускімі сілавікамі ляжа адбіткам на нямецкім ведамстве, лічыць праваабаронца.
Былы следчы пракуратуры і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак пракаментаваў сайту charter97.org скандал з навучаннем беларускіх сілавікоў у Германіі.
«Такое супрацоўніцтва нямецкія чыноўнікі павінны ўзгадняць на федэральным узроўні. У нямецкім парламенце ёсць камісія і такія рэчы трэба з ёй абмяркоўваць. Я лічу, што гэта асабістая ініцыятыва асобных чыноўнікаў, але не жаданне усяго ўрада Германіі дапамагаць беларускім сілавікам», - сказаў Алег Волчак.
«Наколькі я ведаю, зараз з-за гэтага супрацоўніцтва пачнецца дэпутацкая праверка, і мы ўжо зараз бачым адстаўкі. Усё гэта дзіўна, супрацоўніцтва з беларускімі сілавікамі пасля разгону мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года, пасля «маўклівых акцый». Гэта ляжа адбіткам на гэтым нямецкім ведамстве», - адзначыў праваабаронца.
Былы следчы пракуратуры лічыць, што нямецкія паліцыянты маглі проста не ведаць аб падаўленні дэманстрацый у Беларусі.
«Нам здаецца, што ў Еўропе ўсе ведаюць аб парушэнні праў чалавека ў Беларусі. Але можа быць такая сітуацыя, калі частка чыноўнікаў не ў курсе. У паліцыянтаў вузкая спецыялізацыя. Да іх на сувязь выйшаў беларускае МЗС, у нас жа ёсць дамова аб супрацоўніцтве. Магчыма, ніхто з нямецкіх паліцыянтаў і не ўнікаў у сітуацыю з разгонам дэманстрацый у Беларусі», - выказаў меркаванне Алег Волчак.
Такое не павінна паўторыцца, лічыць праваабаронца.
«Навучанне беларускіх сілавікоў разгону дэманстрацый недапушчальна. Але ў рамках праграмы Усходняга партнёрства Еўрапейскага Звяза па мадэрнізацыі юстыцыі ў Беларусі неабходна працягваць супрацоўніцтва са службоўцамі памежных войскаў і мытні па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і гандлю людзьмі. Трэба, каб навучалі не падаўленню насельніцтва, а барацьбе са злачыннасцю. Нельга выкарыстоўваць гэты скандал, каб выключыць любое ўзаемадзеянне. Але любое супрацоўніцтва павінна быць галосным, адкрытым і ўзгодненым», - лічыць праваабаронца.
«Чыноўнікі павінны думаць, ці не нясе падобнае супрацоўніцтва каму-небудзь шкоду. Яны павінны ўзгадняць такія праграмы з начальствам і на ўзроўні парламента краіны, абмяркоўваць падобныя пытанні і з прэзідэнтам», - упэўнены Алег Волчак.